Заканчваецца доўгая зіма, а на змену ёй ідзе прыгажуня вясна. Каб паскорыць яе прыход, вучні 1-х класаў сярэдняй школы № 5 Смаргоні правялі самае светлае і жыццярадаснае народнае абраднае свята “Гуканне вясны”.
Месцам для правядзення мерапрыемства быў абраны сквер каля школы. Напярэдадні ў класе вучні пазнаёміліся з гісторыяй гэтага свята. На занятку з паперы і каляровых нітак вырабілі яркіх птушак, якіх развесілі на галінкі дрэў. Лічыцца, што так птушкі, якія паляцелі на поўдзень, хутчэй іх заўважаць і вернуцца да нас, а на сваіх крылах прынясуць вясну. Вучні вадзілі карагоды, спявалі вясновыя песні “Вясна-красна”, “Ладачкі-ладачкі”, гулялі ў беларускія народныя гульні “Грушка”, “Бусел”, пераўвасабляліся ў мядзведзя і бусла, якія таксама з’яўляюцца прадвеснікамі прыходу вясны.
Галоўная мэта такіх мерапрыемстваў – развіццё творчага патэнцыялу дзяцей праз беларускі фальклор і захаванне народных традыцый. Вучні вельмі чакаюць цёплых вясновых дзянькоў, таму актыўна ўдзельнічалі ў свяце, ахвотна заклікаючы вясну, і атрымалі масу станоўчых уражанняў.
Юлія ХАРУЖЫК,
выхавальнік групы падоўжанага дня
сярэдняй школы № 5 Смаргоні