Гродзенскія навучэнцы – з любоўю да роднай мовы  

- 15:40ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Традыцыйна ў сярэдняй школе № 35 імя М.А.Волкава Гродна да Міжнароднага дня роднай мовы праводзіцца тэматычны тыдзень. Гэты навучальны год не стаў выключэннем.

Члены БРСМ падрыхтавалі для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу віншаванні з Днём роднай мовы. Вучні і настаўнікі прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Гучы, гучы, мая родная мова!”, падчас якой у рэкрэацыях установы праводзіўся майстар-клас. Удзельнікі папаўнялі свой слоўнікавы запас, праяўлялі майстэрства ў ролі перакладчыкаў, а таксама падчас галасавання выяўлялі “Самае беларускае слова”. На працягу тыдня ў бібліятэцы была арганізавана кніжная выстава. Аматары літаратуры мелі магчымасць пазнаёміцца з навінкамі беларускай літаратуры.

Прыгожая мова, мілагучныя вершы беларускіх паэтаў гучалі на літаратурнай гасцёўні “Я нарадзіўся на гэтай казачнай зямлі”, падчас літаратурных кампазіцый “У краіне роднай мовы”, “Гучы, роднае слова”. Творчыя здольнасці і акцёрскае майстэрства дзевяцікласнікі праявілі пры правядзенні літаратурнай гасцёўні “Прапрадзедаў маіх жывая мова”.

Захапляльна прайшла інтэрактыўна-інтэлектуальная гульня “Летапіс беларускага слова” для навучэнцаў 7–8-х класаў. Навучэнцы мелі шчаслівую магчымасць зазірнуць у вытокі роднай мовы і адчуць яе невычэрпную моц, узгадаць імёны, якія з’яўляюцца сімвалам, візітоўкай нашай краіны – Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Францішка Багушэвіча, адчуць асалоду ад дакранання да мілагучнага беларускага слова і аддаць даніну павагі роднай мове. Хлопцы і дзяўчаты папоўнілі свой слоўнікавы запас, выконваючы заданні “Медыяазбукі” і адказваючы на пытанні тэматычных тураў.

Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках тыдня, спрыялі выхаванню павагі да роднай мовы, да Бацькаўшчыны, бо мова – гэта не толькі сродак зносін, жывая сувязь пакаленняў, але і сродак выяўлення душы чалавека, знак яго прысутнасці на зямлі. Родная мова – гэта адвечны голас Радзімы.

 

Анастасія РАГОЙЖА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий