Навучэнцы 6-га класа Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна пабылі на майстар-класе ”Беларуская лялька сваімі рукамі”.
Традыцыйная народная лялька амаль не змянялася з тых даўніх часоў, калі яе прыдумалі нашы продкі. Сёння яна з’яўляецца неад’емным матэрыялам далучэння дзяцей да народнай культуры. Майстар-клас ”Беларуская лялька сваімі рукамі” стаў для вучняў адкрыццём.
Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, калі з’явіліся лялькі на Беларусі, чым адрозніваюцца гульнявыя лялькі ад абрадавых, якія патрабаванні павінны выконвацца пры вырабе лялек-абярэгаў. Вучні ўбачылі, як выглядаюць “Вяснянка”, “Масленка”, “Кубышка-траўніца”, “Дзесяціручка”, “Вербніца”, але галоўнае – яны зрабілі сваю ляльку самі. Так вучні змаглі самі падрабязна пазнаёміцца з асаблівасцямі стварэння беларускай лялькі.
Няхай лялька, зробленая сваімі рукамі, стане надзейным абярэгам, прынясе ўдачу, поспех, дапаможа споўніцца ўсім марам.
Наталля ЛЕВАНЧУК,
настаўнік фізікі
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна