На базе Міжэвіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна адбылося пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання педагогаў, якія выконваюць функцыі класнага кіраўніка, па тэме “Стварэнне адзінай выхаваўчай прасторы па фарміраванні ў вучняў патрэбы ў здаровым ладзе жыцця”.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.В.Шкуда паказала сістэму работы ўстановы па тэме. Вопытам работы па супрацоўніцтву сям’і, школы і соцыуму ў выхаванні здаровай гарманічнай асобы падзялілася кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання педагогаў, якія выконваюць функцыі класнага кіраўніка, Л.У.Трутнева. Пра выкарыстанне магчымасцей дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў у прафілактыцы шкодных звычак і фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця расказала педагог-арганізатар В.А.Рыбянкова. А педагог дадатковай адукацыі І.І.Саўко выступіла па пытанні “Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах як эфектыўны сродак прафілактыкі шкодных звычак”.
У практычным блоку прысутным была прапанавана пазнавальная гадзіна ў 3-м класе “Правілы здаровага харчавання”, якую правяла педагог, які выконвае функцыі класнага кіраўніка, А.Д.Шэндзіл. Трэцякласнікі паразважалі пра карысныя і не вельмі прадукты харчавання, неабходнасць ужывання вітамінаў, вывелі асноўныя правілы здаровага харчавання. Члены БРСМ, вучні 8–11-х класаў, прадставілі выступленне агітбрыгады “Мы – за здароўе нацыі!”
На аздараўленчай хвілінцы “Падарожжа па Індыі, або Фарміруем правільную паставу” дзяўчынкі 6-га класа паказалі гледачам, якія практыкаванні можна выконваць, каб заставацца стройнымі і прыгожымі. Таксама ўдзельнікам пасяджэння быў прапанаваны вопыт правядзення дня здароўя, у рамках якога прайшлі “Вясёлыя эстафеты”. Гэта былі спаборніцтвы паміж зборнымі камандамі 4–8-х класаў, паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, спартыўныя гульні сумесна з настаўнікамі і бацькамі вучняў.
Спадзяемся, што вопыт педагогаў установы быў карысны для ўсіх удзельнікаў пасяджэння.
Наталля БАКУНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Міжэвіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна