Заўтра ў Міністэрстве адукацыі пройдзе пасяджэнне калегіі, дзе падвядуць вынікі дзейнасці сістэмы адукацыі краіны ў 2021 годзе і вызначаць прыярытэтныя напрамкі развіцця на 2022 год. Рэперныя пункты адукацыйнай галіны вызначылі з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом.
У прыярытэце — якасць адукацыі
Якасная адукацыя вызначана ў ліку галоўных прыярытэтаў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года, менавіта таму адукацыйная сетка ва ўсіх рэгіёнах краіны павінна адпавядаць запытам навучэнцаў, бацькоў і дзяржавы.
“Уся сістэма адукацыі павінна быць накіравана на рэалізацыю патэнцыялу кожнага дзіцяці. Нашы дзеці вельмі дапытлівыя, цікаўныя, а сталеючы, яны разумеюць, што добрая адукацыя — залог поспеху іх далейшага жыцця. Сённяшнія школьнікі вельмі сур’ёзна ставяцца да вучобы. Яны ведаюць, для чаго вучацца, і гэта вельмі важна, бо матываваныя людзі, якія разумеюць, у якой галіне хочуць рэалізоўвацца, сапраўды будуць асвойваць тую кампаненту, якая патрэбна для іх далейшай прафесійнай дзейнасці. Але без педагога, настаўніка рэалізаваць даследчы, тэхнічны, творчы патэнцыял немагчыма. Кожны настаўнік павінен разумець: ён для вучня з’яўляецца ўзорам, які павінен адпавядаць уяўленням, сфарміраваным у грамадстве”, — адзначыў міністр.
Андрэй Іванец падкрэсліў, што настаўніка ніколі не заменіць ні дапоўненая, ні віртуальная рэальнасць. “Выкарыстанне тэхналогій дапоўненай, віртуальнай рэальнасці — той кірунак, які актыўна развіваецца ў свеце. І наша краіна не павінна адставаць. У адукацыйным працэсе выкарыстанне сучасных падыходаў, канечне, важны момант. Тыя інфармацыйныя, электронныя рэсурсы, якія сёння ёсць у сістэме Міністэрства адукацыі, — агульнадаступныя, і іх можна выкарыстоўваць у тым ліку і для праходжання адпаведнай адукацыйнай праграмы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Але гэта дадатковая работа, а асноўны кампанент агульнай сярэдняй адукацыі павінен быць атрыманы непасрэдна ў вочным навучанні, у кантакце настаўніка і вучня”, — лічыць міністр.
Інструменты для выхавання
На сістэмнай аснове павінна праводзіцца выхаваўчая работа, таму арганізацыя патрыятычнага выхавання, культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў таксама павінна быць важным аспектам у рабоце ўстановы адукацыі. Немалаважнае значэнне ў гэтым плане адводзіцца шостаму школьнаму дню. “Выхаваўчая работа па патрыятычным выхаванні — гэта асобасная, персанальная праца. Моладзь не церпіць фармалізму. І шмат у чым лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, таму кожны школьнік павінен разумець, што такое Брэсцкая крэпасць, Хатынь, Буйніцкае поле”, — падкрэсліў міністр.
Захаванне гістарычнай памяці з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбнага працэсу як пры падрыхтоўцы прафесійных гісторыкаў, так і пры засваенні зместу сацыяльна-гуманітарных дысцыплін студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. І тут актуальным з’яўляецца змест дысцыпліны “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, якая аб’ядноўвае ў адзінае сэнсавае цэлае веды па гісторыі Беларусі, сацыялогіі, педагогіцы, палітычнай эканоміцы, ідэалогіі і дазваляе праз прызму гістарычнага кантэксту фарміраваць у тых, хто вучыцца, цэласнае ўспрыманне беларускай дзяржаўнасці ва ўсіх яе праяўленнях.
“Гэты курс павінен быць эфектыўным інструментам, які дазваляе сфарміраваць у студэнтаў цэласныя навуковыя гуманітарныя веды, азнаёміць іх і з гісторыяй беларускай дзяржаўнасці, і з асновамі традыцыйнай для беларускага грамадства хрысціянскай маралі, прававой традыцыяй Беларусі, асновамі канстытуцыйнага ладу нашай краіны і ў цэлым з нашымі нацыянальнымі прыярытэтамі, нашым месцам у свеце”, — адзначыў Андрэй Іванец.
Магчымасці новай рэдакцыі кодэкса
Прынята новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, і тыя змяненні, якія ў ёй адлюстраваны, прадыктаваны часам і накіраваны на адно — павышэнне якасці і даступнасці адукацыі. “У першую чаргу кодэкс патрэбны для таго, каб наша сістэма адукацыі стала больш гнуткай. Напрыклад, магчымасць рэалізацыі сеткавай формы навучання па новай рэдакцыі кодэкса дазваляе нашым установам, у тым ліку і вышэйшай адукацыі, актыўна ўзаемадзейнічаць, далучаць студэнтаў да падрыхтоўкі, — лічыць Андрэй Іванец.
Па словах міністра, немалаважнай навацыяй з’яўляецца і абавязковая сярэдняя адукацыя. “Гэта вельмі важны аспект, калі мы гаворым пра тое, што хочам быць інтэлектуальнай нацыяй. І атрыманне сярэдняй адукацыі з’яўляецца абавязковай кампанентай”, — адзначыў ён.
У новай рэдакцыі кодэкса гаворыцца пра ўвядзенне цэнтралізаванага экзамену для выпускнікоў школ. “Першае — сёння ўсе нашы абітурыенты, выпускнікі школ павінны атрымаць аб’ектыўны і абсалютна ідэнтычны зрэз па сваіх ведах”, — сказаў Андрэй Іванец. На думку кіраўніка профільнага ведамства, цэнтралізаваны экзамен дазволіць убачыць, наколькі адзнака ў атэстаце выпускніка школы адпавядае той, якую ён атрымае на цэнтралізаваным экзамене. “А гэта дазволіць нам аб’ектыўна паглядзець на тыя праблемы, якія існуюць у тых ці іншых раёнах, абласцях, і прыняць адпаведныя меры для таго, каб павысіць якасць адукацыі”, — канстатаваў ён.
Яшчэ адзін немалаважны аспект новаўвядзенняў Кодэкса аб адукацыі — павышэнне прэстыжу прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сёння ў сектары эканомікі вельмі запатрабаваны рабочыя спецыяльнасці, таму стварэнне адпаведных умоў для прафтэхадукацыі — важны крок. І гаворка ідзе не толькі пра новую матэрыяльна-тэхнічную базу, дзейнасць рэсурсных цэнтраў, сеткавую форму ўзаемадзеяння гэтых устаноў, але і пра магчымасць паступлення без экзаменаў з улікам адзнак у пасведчанні аб адукацыі. Усё гэта дазволіць прыцягнуць дзяцей да такой неабходнай прафесійнай дзейнасці. “Краіне патрэбны спецыялісты розных прафесій. І на сучаснай вытворчасці, калі мы гаворым пра развіццё індустрыі 4.0, неабходны спецыялісты, якіх выпускаюць прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі”, — сказаў міністр.
Інтэлектуальны патэнцыял — на карысць краіны
Кожная краіна змагаецца за розумы. І кожны хоча да сябе ў краіну прыцягнуць найбольш разумных, таленавітых, адораных маладых людзей. Інтэлектуальны патэнцыял беларускай моладзі павінен выкарыстоўвацца на карысць Беларусі.
“Калі дзіця праявіла сябе на прадметных алімпіядах, то яно павінна атрымаць прыярытэт пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову. Гэта вельмі важна, — адзначыў Андрэй Іванец. — Бо калі мы не створым умовы для прыходу таленавітай, адоранай моладзі ў нашы навучальныя ўстановы, то нашы суседзі з задавальненнем створаць ім такія ўмовы. І гэта праблема, якая патрабуе агульнага вырашэння: не толькі сістэмы адукацыі, але і рэальнага сектара эканомікі. Мы рыхтуем кваліфікаваных, высакакласных спецыялістаў, але яны павінны працаваць на эканоміку краіны і на карысць нашай Радзімы”.
Па словах міністра, моладзь сёння зацікаўлена ісці ў навуку. “У нас шмат маладых вучоных, якія вельмі захоплены сваёй навуковай працай. Іх сустрэчы з навучэнцамі, аповед пра тое, чым займаюцца, якімі распрацоўкамі, — самы эфектыўны метад матывацыі. Калі вучань 9—11 класа бачыць, што студэнт 1—3 курса паспяхова рэалізуе сябе ў навуцы, то будзе разумець, што гэта і яго магчымасць, шлях у прафесію”, — адзначыў Андрэй Іванец.
Ён упэўнены, што работу з адоранымі дзецьмі можна пачынаць не толькі ў школе, але ўжо і ў дзіцячым садзе. “А гэта пэўны ўзровень развіцця, светаўспрымання і фарміравання карціны навакольнага свету, — прадоўжыў кіраўнік ведамства. — Зразумела, гэта сур’ёзная праца, якая вядзецца профільнымі педагогамі па канкрэтных прадметах са старшакласнікамі, якія ўжо прыкладна ведаюць, што за прафесію хочуць выбраць, які прадмет ім найбольш цікавы. І тут вельмі важна не толькі звярнуць увагу на тэарэтычную адукацыю, але і ўкараніць практыка-арыентаваную кампаненту”.
Міністр адзначыў, што без такога падыходу складана будзе рэалізавацца ў рэальным сектары эканомікі. “Створаны па даручэнні кіраўніка дзяржавы Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — гэта кузня вось гэтых маладых талентаў, дзе разам з педагогамі, прафесарска-выкладчыцкім складам універсітэтаў яны атрымліваюць спецыяльныя веды і фарміруюць даследчыцкія кампетэнцыі падчас рэалізацыі сваіх даследчых праектаў”, — дадаў Андрэй Іванец.
Кадры вырашаюць усё
Прафесія педагога складаная і цікавая адначасова. Але ж цікавасць моладзі да педагогікі не згасае. І ў вялікай ступені — дзякуючы педагагічным класам, якія створаны ў школах па ўсёй краіне. “Вельмі важна, што сёння ў краіне мы ўкаранілі сістэму педагагічных класаў. Яшчэ будучы школьнікамі, маладыя людзі хочуць рэалізаваць сябе ў прафесіі педагога. Настаўнікамі становяцца па закліку душы.
Разам з тым дзяржавай рэалізуюцца сур’ёзныя сістэмныя меры па фінансавай падтрымцы педагогаў. Нягледзячы на гэта, Прэзідэнтам пастаўлены вельмі сур’ёзныя задачы па павышэнні іх заработнай платы”, — сказаў Андрэй Іванец.
Паводле даных, толькі за 2021 год зарплата педагогаў вырасла на 11% у сярэднім па краіне. “Мы павінны быць нацэлены на падтрымку тых педагогаў, якія працуюць у якасці класных кіраўнікоў, рэалізуюць праграму дадатковай адукацыі. І гэтая задача з’яўляецца адной з першачарговых у сістэме Міністэрства адукацыі”, — адзначыў міністр.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.