Тыдзень беларускай мовы і літаратуры правялі бакштаўскія педагогі

- 16:38ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Напрыканцы лютага ў Бакштаўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які пачаўся з акцыі “Пад небам беларускага слова”.

Акцыя паказала любоў падлеткаў да роднай мовы, іх захапленне прыгажосцю і мілагучнасцю беларускага слова. Працягвалася гутарка пра мову на адзінай тэматычнай інфармацыйнай гадзіне “Смак роднай мовы”. “Купалаўскі дыктант” аб’яднаў не толькі настаўнікаў, але і ўсіх работнікаў установы адукацыі, якія змаглі адчуць смак роднай мовы, паспрабаваць свае сілы ў валоданні нормамі беларускага правапісу, напісаўшы тэкст “У купалаўскім парку”.

У гэтым годзе спаўняецца 140 год з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. З гэтай нагоды песнярам беларускага слова быў прысвечаны шэраг мерапрыемстваў. У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры навучэнцы 6–11-х класаў здзейснілі экскурсію ў філіял “Яхімоўшчына” Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Гэта адзінае “гняздо” пісьменніка, якое не разбурылі ні час, ні людзі. Навучэнцы даведаліся пра працу Янкі Купалы на бровары і пачатак яго творчасці, пра сувязь паэта з газетай “Наша ніва”. Школьнікі нібы акунуліся ў тагачасную атмасферу, калі прайшліся па будынку, у адным з пакояў якога жыў малады паэт і дзе зараз размяшчаецца экспазіцыя філіяла музея.

“Каб кожны Коласа пачуў” – пад такім дэвізам прайшоў другі дзень тыдня беларускай мовы і літаратуры. Васьмікласнікі прынялі ўдзел у гульні “Хто хоча стаць дзесяцібальнікам?”, прысвечанай адной з зорак першай велічыні на небасхіле беларускай літаратуры Якубу Коласу. У ходзе мерапрыемства навучэнцы змаглі паглыбіць свае веды пра беларускага песняра і яго творчасць. Затым навучэнцы пазнаёміліся з выставай у бібліятэцы “Волаты нацыянальнай літаратуры”, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння паэтаў і пісьменнікаў.

Ужо больш за стагоддзе людзі захапляюцца чысцінёй, мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Таму ва ўстанове адукацыі прайшоў конкурс чытальнікаў твораў беларускіх песняроў “Без іх імёнаў я Беларусь не ўяўляю“. Усе прысутныя ўпэўніліся, што час не мае ўлады над творчасцю класікаў беларускай літаратуры.

“Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю” – пад такім дэвізам прайшоў літаратурны КВЗ, удзельнікамі якога сталі вучні 6-га, 8-га і 9-га класаў. Школьнікаў чакалі конкурсы “Літара заблудзілася”, “Скарагаворкі”, “Перакладчык”, “Складзіце з літар новыя словы”, “Прыказкі”, “Загадкі-жарты”, “Наадварот”, “Разгадайце метаграмы”. Дзеці, раздзяліўшыся на дзве каманды, дэманстравалі свае веды па беларускай мове і літаратуры, у конкурсах праяўлялі кемлівасць, памяць і лагічнае мысленне. З цікавасцю і захапленнем навучэнцы 6-га, 7-га, 8-га, 9-га класаў прынялі ўдзел у конкурсе крыжаванак, рэбусаў “Скарбонка мудрасці”.

А вось навучэнцы пачатковых класаў далучаліся да духоўных скарбаў народа праз удзел у конкурсе “Знаўцы роднай мовы” (2-гі клас), у гульні “Востраў ГУЛЬНЯСЛОЎ” (3–4-я класы), практыкуме “Размаўляем па-беларуску” (1-ы клас). Дзеці адгадвалі беларускія народныя загадкі, чыталі казкі і вершы на роднай мове, успаміналі прыказкі і прымаўкі, гулялі ў беларускія народныя гульні, разважалі над пытаннем “Чаму неабходна ведаць сваю родную мову і ставіцца да яе з павагай?”.

 

Алена КАВАЛЕНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Бакштаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий