Тыдзень роднай мовы ў Бабровіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе

- 18:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Бабровіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна прайшоў тыдзень роднай мовы. Навучэнцы ўстановы адукацыі пазнаёміліся з планам работы, яны былі запрошаны да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах.

У Міжнародны дзень роднай мовы педагагічныя работнікі, бацькі вучняў і ўсе зацікаўленыя мелі магчымасць прыняць удзел у Гродзенскім абласным дыктанце. У школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава кніг пісьменнікаў-юбіляраў. А яшчэ ў гэты дзень навучэнцы далучыліся да чэленджа “Мова”. Сямікласнікі запісалі і размясцілі ў сацыяльных сетках ролік з відэадэкламацыяй верша Максіма Танка “Паэзія”.

Усе астатнія дні тыдня былі не менш насычанымі і цікавымі. Напрыклад, многія адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у конкурсе білбордаў “Смак роднай мовы”. Самі школьнікі атрымалі задавальненне, а дарослыя ацанілі якасць выканання. Пераможцамі сталі Ганна Каспяровіч і Уладзіслаў Смільгінь.

Школьны музей “Мова, культура і быт беларусаў” гасцінна адчыніў дзверы для выхаванцаў дашкольнай рознаўзроставай групы. Хлопчыкі і дзяўчынкі здзейснілі падарожжа ў мінулае “Таямніцы бабулінага куфэрка”. Маленькім выхаванцам было вельмі цікава даведацца пра старадаўнія прадметы народнага побыту.

Традыцыйна навучэнцы школы і настаўнікі прынялі ўдзел у акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Арганізатарамі выступілі вучні 3-га класа і іх класны кіраўнік В.М.Лугіна. Усе жадаючыя змаглі праверыць, як добра яны валодаюць роднай мовай. На рознакаляровых лістках былі запісаны словы на рускай мове, неабходна было зрабіць пераклад на беларускую мову. За правільны адказ удзельнікаў частавалі цукеркамі. Акцыя не толькі ўзбагаціла лексічны запас удзельнікаў, але і ўзняла настрой.

Таксама навучэнцы былі запрошаны да ўдзелу ў конкурсе творчых работ “За што я люблю родную зямлю”, падчас якога яны прадэманстравалі веданне народных традыцый, гістарычнай і культурнай спадчыны роднага краю, адлюстравалі дасягненні беларусаў, праявілі творчы падыход.

Лінгвістычнае спаборніцтва “Свая гульня”, праведзенае для навучэнцаў 7-га класа, садзейнічала развіццю пазнавальнай актыўнасці і творчых здольнасцей, лагічнага мыслення, кемлівасці, выхаванню патрыятызму, павагі да мінулага, да роднага слова. У гульні ўдзельнічалі каманды “Кемлівыя” і “Дапытлівыя”, якія, карыстаючыся табліцай, выбіралі пытанне і яго кошт. Перамогу атрымала каманда “Кемлівыя”.

Дакрануцца да паэтычных вытокаў роднай мовы і выявіць таленавітых навучэнцаў дапамог конкурс чытальнікаў “Не змоўкне голас песняроў”, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пераможцамі сталі Паліна Буката (9-ы клас), Ксенія Янкевіч (7-ы клас), Вячаслаў Варанюк (5-ы клас).

А як цікава было, калі кабінет інфарматыкі ператварыўся ў інтэрнэт-кафэ “Моўныя самацветы”! Мінулае і сучаснасць сышліся разам. Клас быў упрыгожаны вышыванымі ручнікамі і старадаўнім гліняным посудам. Гучалі беларускія народныя песні, а наведвальнікі – навучэнцы 10-га класа – пілі гарбату і частаваліся духмянымі абаранкамі. А падчас інтэрактыўных гульняў і анлайн-практыкаванняў была магчымасць праявіць сябе ў якасці перакладчыкаў, успомніць беларускія прыказкі, фразеалагізмы, культуру нашых продкаў.

Мерапрыемствы дазволілі школьнікам яшчэ раз упэўніцца, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова. Самыя актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі.

 

Наталля СТАНКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Бабровіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий