Купалаўскія чытанні ў гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра

- 8:55ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

Сёлета спаўняецца 140 год з дня нараджэння класiка беларуска лiтаратуры Янкi Купалы. Настаўнікі гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра не змаглі застацца ўбаку ад такой важнай даты і прысвяцілі конкурс “Купалаўскія чытанні – 2022” творчасці славутага песняра.

Адкрыты дыстанцыйны конкурс творчых і даследчых работ вучняў праводзіўся пры падтрымцы аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама, Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра з мэтай развіцця творчых здольнасцей вучняў, пошуку таленавітай моладзі, а таксама стымулявання творчай актыўнасці настаўнікаў.

Многім хлопцам і дзяўчатам прадстаўлялася магчымасць паказаць свае літаратурныя, мастацкія і інтэлектуальныя ўменні па-беларуску, а дарослым – атрымаць асалоду ад гучання роднага слова.

Штогадовы актыўны ўдзел навучэнцаў і іх настаўнікаў у “Купалаўскіх чытаннях” сведчыць пра ўвагу да вывучэння роднай мовы, папулярызацыю беларускай літаратуры і культуры. Гэта радуе ўсіх нас, так як, акрамя школ Мазыра і Мазырскага раёна, на чытанні заўсёды прыязджаюць (а ў сённяшніх умовах каронавірусу толькі даслалі свае работы ў друкаваным і электронным выглядзе) гімназія Веткі, Ельская раённая гімназія, гімназіі № 1 і 8 Жлобіна, Лельчыцкая раённая гімназія, гімназія Жыткавіч імя А.А.Ліхоты, Рэчыцкая раённая гімназія, гімназіі Калінкавіч, Нароўлі, Петрыкава, Чачэрска, Урыцкая сярэдняя школа Гомеля, гімназія Светлагорска і многія іншыя.

На мерапрыемстве працавалі секцыя малюнкаў “Свет пачуццяў і ўражанняў у творах Янкі Купалы”, секцыя “Інтэлектуальная” (анлайн-віктарына па тэме “Па старонках жыцця і творчасці Янкі Купалы”) і секцыя “Буктрэйлер” (вучнёўскія рэкламныя відэаролікі па творах Янкі Купалы).

Заданне анлайн-віктарыны было размешчана на гугл-дыску, і навучэнцы, заходзячы па спасылцы, павінны былі выканаць работу за 30 хвілін. Віктарына змяшчала ў сабе 30 пытанняў, якія адносіліся да творчасці Янкі Купалы. Трэба сказаць, што якасць выканання гэтага задання даволі высокая, што вельмі радуе і дазваляе меркаваць пра высокі ўзровень падрыхтаванасці навучэнцаў.

Буктрэйлер – гэта кароткі відэаролік, які распавядае ў адвольнай мастацкай форме пра якую-небудзь кнігу. Мэта такіх ролікаў – рэклама кніг і чытання, прыцягненне ўвагі да літаратуры пры дапамозе візуальных сродкаў. Аднак буктрэйлер – гэта яшчэ і эфектыўны метадычны сродак, які дазваляе вучням вылучыць галоўнае ў кнізе, перадаць думку з дапамогай медыйных тэхналогій так, каб яна закранула іншых. Пры гэтым дзеці набываюць медыякампетэнцыі, вучацца быць актыўнымі стваральнікамі медыйнай прасторы.

Гэты год аб’яўлены Годам гістарычнай спадчыны, таму на секцыю “Мой творчы радок” навучэнцы дасылалі свае вершы, эсэ, апавяданні на тэмы “Ад прадзедаў спакон вякоў”, “Наша гісторыя”, “Хто не ведае сваёй гісторыі – не мае будучыні”. Журы конкурсу вельмі ўражана тым, наколькі змястоўныя, цікавыя, прафесіянальныя творы дасылаюць установы адукацыі на конкурс.

Такім чынам, намі была пастаўлена задача на працягу тыдня так арганізаваць свята, каб да беларускасці змог дакрануцца кожны вучань і настаўнік. Мерапрыемства паказала, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе моладзь на розныя творчыя ініцыятывы. Дыпломамі адзначаны дзясяткі канкурсантаў. Па выніках чытанняў будзе выдадзены зборнік творчых работ. Але галоўнае, для чаго было арганізавана гэта свята – выхоўваць у падрастаючага пакалення нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, цікавасць да культурнай спадчыны народа, гісторыі роднай краіны.

 

Ганна САЛАНКОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі імя Я.Купалы Мазыра

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий