У Любчанскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна ў групе старэйшага ўзросту прайшоў занятак “Падарожжа ў краіну Матэматыкі”. На ім дзеці даведаліся, што такое “Йохакуб”.
“Йохакуб” – гэта канструктар з кардону, які складаецца з кубоў і прызмаў, што збіраюцца ў трохмерныя мадэлі з плоскіх форм і злучаюцца паміж сабой спецыяльнымі скобамі ў любым напрамку. У выніку атрымліваюцца трывалыя пабудовы, якія лёгка пераўтвараць у новыя формы і размалёўваць.
Нас зацікавіла ўнікальная камбінаторнасць канструктара. З яго можна сабраць усё, што заўгодна: ад звычайных кубікаў да робатаў і мэблі. Праз гульню ён развівае абстрактнае мысленне, канструктарскія навыкі, творчыя здольнасці і дробную маторыку.
Падчас занятку “Падарожжа ў краіну Матэматыкі” дзеці старэйшага ўзросту “вандравалі” з задавальненнем, бо ўсе сустрэчы былі звязаны з рознымі відамі канструктара – геаметрычным, будаўнічым. Напрыканцы жыхары чароўнай краіны Матэматыкі падаравалі дзецям “Йохакуб”, з якога выхаванцы пабудавалі домік. Падчас гэтага будаўніцтва дзеці пазнаёміліся з элементамі планіметрыі і інжэнернай граматнасці. Аформілі (дэкарыравалі) домік з кубікаў з дапамогай наклеек.
Выкананне заданняў садзейнічала замацаванню ведаў пра лічбы ў межах дзесяці, пра геаметрычныя фігуры, спрыяла развіццю мыслення, увагі, умення арыентавацца ў прасторы, выхаванню цікавасці да матэматыкі, мэтанакіраванасці і ўпэўненасці.
Ілона ВАЛЕНЦЮКЕВІЧ,
выхавальнік
Любчанскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці
Навагрудскага раёна