Выхаванцы ясляў-сада № 37 Ліды ўжо не першы год у рамках інавацыйнага праекта знаёмяцца з асноўнымі эканамічнымі паняццямі. Кожны тыдзень дзяцей чакаюць новыя, цікавыя гульні і заданні, якія ім рыхтуе Грошык.
Грошык – герой у выглядзе двухрублёвай беларускай манеты, які створаны педагогамі ўстановы адукацыі. На гэтым тыдні ён запрасіў выхаванцаў старшай групы ў чароўную краіну пад назвай “Эканомія”. Наперадзе іх чакала чарга выпрабаванняў ад казачных герояў. Так, Муха-Цакатуха даведалася ад дзяцей, што такое грошы і тавар. Яны дапамаглі ёй расплаціцца ў магазіне і сэканоміць, набыць толькі неабходныя для жыцця тавары. Дапамога выхаванцаў таксама спатрэбілася маленькім вавёркам, якія ніяк не маглі зразумець, што такое банкаўская картка і як ёю карыстацца. Дзеці з радасцю расказалі ім, што грошы могуць быць рознымі, нават электроннымі, а пры дапамозе банкаўскай карткі можна разлічвацца ў магазінах.
Вельмі насмяшыў дашкольнікаў Бураціна, які думаў, што, калі пасадзіць адну манету, з яе вырасце дрэва, на якім будзе сотня манет. Дзеці яму расказалі, што грошы не растуць на дрэве, для таго, каб іх мець, трэба працаваць. Кожны расказаў, кім хацеў бы стаць у будучыні і чаму гэта прафесія зацікавіла яго.
Грошык падзякаваў дзяцей за дапамогу жыхарам чароўнай краіны і ўзнагародзіў медалямі “Юны эканаміст”, а таксама паабяцаў, што абавязкова сустрэнецца з імі зноў.
Вольга ВАРОШКА,
намеснік загадчыка
ясляў-сада № 37 Ліды