У Забалацкіх яслях-садзе – сярэдняй школе Воранаўскага раёна адбылася сустрэча навучэнцаў 11-га класа з мясцовай пісьменніцай, ураджэнкай знакамітага пасёлка Радунь, Аленай Запаснік. Мерапрыемства было арганізавана сумесна з бібліятэкарам інтэграванай бібліятэкі С.П.Шылінай.
Сустрэча была прымеркавана да 140-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Бібліятэкар Святлана Пятроўна падрыхтавала выставу “Якуб Колас і Янка Купала: летапіс жыцця і творчасці”. Цеплыня, шчырасць і адкрытасць адчуваліся падчас мерапрыемства. Эмацыянальнае выступленне маладой таленавітай пісьменніцы кранула кожнага ўдзельніка сустрэчы. Атрымаўся цікавы дыялог Алены Чаславаўны з навучэнцамі 11-га класа.
Пісьменніца дала адказы на пытанні, якія цікавілі адзінаццацікласнікаў. Былі пытанні і пра сям’ю, і пра выбар прафесіі, і пра творчыя задумы, і пра каханне. А як уважліва слухалі юнакі і дзяўчаты вершы, якія пранікнёна чытала Алена Чаславаўна. Гучныя апладысменты старшакласнікаў былі найлепшай узнагародай для пісьменніцы.
Навучэнцы 11-га класа, члены літаратурнага клуба “Пегасік”, кіраўніком якога з’яўляецца настаўнік беларускай мовы і літаратуры В.У.Коцік, таксама дэкламавалі вершы, якія напісалі самі. Алена Чаславаўна параіла старшакласнікам і далей працягваць сваю творчую дзейнасць. Напрыканцы мерапрыемства пісьменніца ахвотна разам з дзяўчатамі і юнакамі прыняла ўдзел у чэленджы “Чытаем класікаў разам”.
Сустрэча нікога не пакінула абыякавым, прымусіла задумацца кожнага пра значэнне роднай мовы ў нашым жыцці, пра непаўторнасць, мілагучнасць і самабытнасць сакавітага беларускага слова.
Гелена ПАКУЛІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Забалацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна