Гісторыка-філалагічныя чытанні імя М.П.Анцукевіча ў гімназіі Лунінца  

- 20:33БРЕСТЧИНА, Регионы

Традыцыйныя гісторыка-філалагічныя чытанні імя М.П.Анцукевіча ў 11-ы раз прайшлі ў гімназіі Лунінца.

Тэма трагізму і гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне чырвонай ніткай змацоўвала выступленні двух дзён праграмы. Але Год гістарычнай памяці, мэты якога акрэсліў дзевяцікласнік Аляксандр Цельпук, абавязаў адзначыць і многія даты лунінецкага календара. У выніку гаварылі пра важныя не толькі для нашага краю асобы і падзеі.

Пра жыццёвы шлях і асветніцкую дзейнасць вядомага перакладчыка і лінгвіста, якому прысвячаюцца чытанні, расказала адзінаццацікласніца Злата Богдан. Васьмікласніца Таццяна Аліфяровіч (кіраўнік – настаўнік замежных моў Н.В.Аліфяровіч) засяродзіла ўвагу на 400-годдзі памяці заснавальніка Дзятлавіцкага Нова-Пячэрскага Спаса-Праабражэнскага праваслаўнага мужчынскага манастыра і на славутасцях старажытнага Кажан-Гарадка, святыню якога – Нікольскі храм – пабудавалі майстры абіцелі.

Дзевяцікласніцы Алена і Наталля Яраховіч (кіраўнік – настаўнік гісторыі А.Р.Арэшкевіч) падрыхтавалі даклад пра паселішчы раёна, пацярпелыя ў час нямецка-фашысцкай акупацыі. Кожнае з іх можна назваць шматпакутнай лунінецкай сястрой Хатыні.

Сёлета 80-я гадавіна трагедый у Вульцы-1, Дзятлавічах, Ракітным, Сітніцкім Двары… 29 чэрвеня 1942 года былі расстраляны жыхары вёскі Бастынь – 50 мужчын і адна маладая жанчына. Ураджэнка старажытнага сяла бібліятэкар І.П.Раманчук перадала слухачам сваё хваляванне, расказаўшы пра гісторыю кахання маладых, якіх не пашкадавалі фашысты.

Летась Лунінецкая пракуратура з дапамогай вайскоўцаў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны выявіла чарговыя факты зверстваў акупантаў. Удзельнікі чытанняў убачылі сюжэт пра гэта, паказаны па тэлеканале СТВ.

80 гадоў назад фашысты знішчылі яўрэйскае насельніцтва раёна. Пра расстрэл вязняў гета ў Мікашэвічах, Кажан-Гарадку, Лахве і Лунінцы гаварылі адзінаццацікласніцы Паліна Шэстак, Любоў Яраховіч, Вераніка Грабовіч і Кацярына Паўлючэнка.

Настаўнік замежных моў І.А.Грушэўская разам з гімназістамі наладжвае сувязі з нашчадкамі землякоў з Ізраіля і іншых краін. Унукі і праўнукі ахвяр Халакоста прыязджаюць у раён пакланіцца брацкім магілам, дзе пахаваныя іх родныя. Памінальныя мерапрыемствы адлюстравала прэзентацыя маршаў жыцця, праведзеных у 2017 годзе ў Лунінцы і Мікашэвічах.

Гімназісты працягваюць працаваць над праектам «Памяць аб’ядноўвае пакаленні» (кіраўнік – настаўнік беларускай мовы і літаратуры В.У.Дзянейка). Пра лёсы продкаў у час нямецка-фашысцкай акупацыі і ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе запісалі сямейныя гісторыі дзевяцікласніца Настасся Казун і адзінаццацікласнікі Яна Ляшчук, Лізавета Сыцэвіч і Ілья Швед.

У гістарычнай секцыі выступілі вучні Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага. Успаміны пра свайго продка запісаў дзесяцікласнік Ягор Лабко.

У філалагічнай секцыі прайшоў конкурс буктрэйлераў. Літаратурныя творы пра вайну кранальна прадставілі Мілена Дульская са Столінскай гімназіі (Коры Маркевіч «Маналог шызафрэніка пра вайну»), Паліна Бысюк і Лізавета Кажадуб (Васіль Быкаў «Жураўліны крык»), Таццяна Паўленка і Аляксандра Якаўлева (Васіль Быкаў «Узыходжанне»), Вікторыя Казлова (Васіль Быкаў «Жураўліны крык»), Аляксандр Петухоў, Вадзім Бардашэвіч і Яўгенія Краўчанка (Васіль Быкаў «Незагойная рана»), Мікіта Філоненка (Барыс Васільеў «А досвіткі тут ціхія…»), Данііл Ялагін (Іван Сяркоў «У тыле ворага»), Мікалай Нікітка (Міхаіл Шолахаў «Лёс чалавека») з гімназіі Ельска Гомельскай вобласці (малой радзімы М.П.Анцукевіча).

Цікавым быў дыялог пра задачы філалогіі і лінгвістыкі адзінаццацікласніц Ангеліны Новак і Таццяны Нагорнай. Пранікнёная мелодыя (у выкананні дуэта скрыпачак Ангеліны Грушэўскай і Варвары Пелянюк) настроіла ўдзельнікаў чытанняў на драматызм. У тэатралізаваных інсцэніроўках гімназісты былі шчырыя і пераканаўчыя, глыбока ўсведамляючы трагізм ваеннага становішча і добра перадаючы пачуцці сваіх герояў.

Літаратурна-музычная кампазіцыя на верш Ніла Гілевіча «А раніцы ўжо не было» захліснула эмоцыямі пра вераломны напад фашыстаў на нашу краіну. У нацыянальных строях хлопцы ўжыліся ў вобразы беларусаў 1940-х. «Няхай ніколі не паўторыцца вайна!» – гэты крык ірваўся з грудзей ціхімі радкамі верша, якія чыталі адзінаццацікласнікі Максім Мшар, Антон Зялянін, Марына Наварыч, Злата Багдан, Дар’я Арэшка, Ганна Нагорная, Вераніка Грабовіч, Ксенія Паўліч і Паліна Шэстак (кіраўнік – настаўнік беларускай мовы і літаратуры І.А.Дасько).

Такія ж пачуцці выклікала пастаноўка ўрыўка з аповесці Барыса Васільева «А досвіткі тут ціхія…» вучнямі 10 «Б» класа (кіраўнік – настаўнік рускай мовы і літаратуры М.Г.Бандарэнка). Мікіта Клімашэўскі ў ролі старшыны Васькова, Алеся Коваль, Назіра Алякберава, Сафія Кіндрук, Дзіна Вайцяхоўская, Валерыя Латышэвіч і Хрысціна Ячмяновіч выступілі ў ролі зенітчыц.

Прачулі і вельмі дакладна перадалі інтанацыю выканаўцы песень: дзевяцікласніцы Алена і Наталля Яраховіч (франтавая песня «У зямлянцы» Канстанціна Лістова на вершы Аляксея Суркова) і Ангеліна Грушэўская (своеасаблівы рэквіем па дзецях вайны «Белыя панамкі» Лоры Гарбуновай на вершы Вадзіма Ягорава).

 

Таццяна КАНАПАЦКАЯ
Фота Вольгі Каратышэўскай

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий