Шасцікласнікі пазнаёміліся з жыццёвымі гісторыямі знакамітых землякоў

- 16:32ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Для вучняў 6 “А” класа сярэдняй школы № 3 Ашмян у Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча была арганізавана лекцыя “Знакамітыя землякі: Зыгмунт Мінейка, Фердынанд Рушчыц”.

Мерапрыемства прайшло з мэтай паглыблення ведаў дзяцей пра гісторыю і знакамістасцей малой радзімы, фарміравання аб’ектыўных адносін грамадства да гістарычнага мінулага, любові і гонару за свой раён, краіну, што так актуальна для Года гістарычнай памяці.

Самай насычанай на падзеі і цікавай для экскурсантаў стала гісторыя жыцця Зыгмунта Мінейкі. Яго імя сёння вядома не толькі беларусам, але і ўсяму свету. Гэты таленавіты чалавек пражыў вельмі насычанае жыццё. Так, вучні даведаліся, што ён меў дачыненне да Алімпійскіх гульняў 1896 года, удзельнічаючы ў стварэнні спартыўных аб’ектаў. Не менш унікальным фактам стала тое, што грэчаскі парламент прысвоіў нашаму земляку званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі за ўнёсак Мінейкі ў развіццё гэтай краіны.

Знаёмства з наступнай славутай постаццю многіх дзяцей прыемна здзівіла, бо, будучы навучэнцамі класа з мастацкай накіраванасцю, яны бачылі такія карціны, як “Зямля”, “Вясна”. Але адкрыццём для экскурсантаў стала тое, што аўтар гэтых шэдэўраў – наш зямляк Фердынанд Рушчыц. Гэта таленавіты мастак-пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар, які пакінуў глыбокі след у культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Польшчы і Літвы.

Арганізаваная лекцыя з мультымедыйным суправаджэннем дала магчымасць нашым аматарам жывапісу паглыбіць свае веды па мастацтве. Яны пабачылі яшчэ некаторыя вядомыя замалёўкі Рушчыца: “Вуліца ў Ашмяне”, “Ашмяна. Млын”, “Млын зімой”, у якіх лёгка адгадваліся знаёмыя мясціны роднага горада.

Дзякуючы цікаваму і даступнаму расповеду пра знакамітых людзей Ашмяншчыны, супрацоўнік музея змагла выклікаць у дзяцей любоў да сваёй малой радзімы, гонар за выдатных землякоў. Усе шасцікласнікі аднадушна адзначылі, што, нават жывучы ў маленькім гарадку, можна стаць знакамітасцю, праславіць свой край. Але для дасягнення сваіх мэт трэба вельмі многа працаваць.

  

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
класны кіраўнік 6 “А” класа
сярэдняй школы № 3 Ашмян

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий