У шосты школьны дзень у Ханявіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Свіслацкага раёна навучэнцам і іх бацькам былі прапанаваны мерапрыемствы на густ кожнага.
Для бацькоў праведзены дзве кансультацыі па праблемах згодна іх запытаў: “Псіхалагічныя прычыны непаспяховасці навучэнцаў і іх папярэджанне” і “Выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў пры падрыхтоўцы хатняга задання”.
Дзень для вучняў пачаўся са спартыўна-гульнявой пляцоўкі, у час якой яны змаглі не толькі паспрабаваць сябе ў розных камандных спаборніцтвах, але і атрымаць зарад бадзёрасці на ўвесь дзень.
Напярэдадні аднаго з важных дзяржаўных свят – Дня беларускай Канстытуцыі – вучні наведалі сельскую бібліятэку, дзе пазнаёміліся з кніжнымі выставамі, удзельнічалі ў КВіЗ-апытанні, конкурсе плакатаў “Канстытуцыя вачыма дзяцей”.
Дзень прадоўжыўся інтэрактыўнымі гульнямі пад агульнай назвай “Лепш за ўсіх!”, дзе вучні змаглі паспрабаваць сябе ў інтэрнэт-гульнях па розных прадметных напрамках: у веданні матэматыкі, рускай і беларускай моў, геаграфіі, гісторыі. Танцавальная пляцоўка “Школьныя хіты” прывабіла аматараў актыўных рухомых гульняў, песень і танцаў. А тыя, хто не пажадаў забаўляцца такім чынам, удзельнічалі ў турніры па шашках.
Пад кіраўніцтвам старшакласнікаў малодшымі школьнікамі былі створаны буклеты “Бяспечныя паводзіны ў сетцы інтэрнэт” і ўсе разам прынялі ўдзел у PR-кампаніі “Мой профіль у сацыяльных сетках”.
Такой насычанай была першая палова дня, а ў другой палове для ўсіх жадаючых працавалі спартыўныя секцыі.
Наталля ПАЎЛОВІЧ,
класны кіраўнік 6-га класа
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна