У беларускамоўнай групе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы прайшоў занятак “Мірна жыць – шчаслівым быць”.
З мэтай замацавання ведаў пра дзяржаўны сцяг, сімвалічнае прызначэнне яго колераў напярэдадні з выхаванцамі былі праведзены гутаркі “Сімвалы маёй краіны”, “Якой я бачу сваю краіну?”, “За што я люблю сваю Бацькаўшчыну?”.
Занятак “Мірна жыць – шчаслівым быць” прайшоў у гульнявой форме. Выхаванцы атрымалі ліст ад казачнага Бульбашыка з цікавымі заданнямі. З вялікім захапленнем дашкольнікі ўключыліся ў гульню, выконвалі прапанаваныя практыкаванні і за правільныя адказы атрымлівалі дэталі невядомага сюжэту.
Выконваючы першае заданне, дзеці адправіліся ў падарожжа і пазнаёміліся з прыгажосцю нашай краіны, даведаліся, як шмат рэк, азёр, лясоў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Каб вярнуцца з падарожжа, выхавальнік прапанавала цікавыя музычныя загадкі пра родныя мясціны. Дашкольнікі пашырылі свае веды пра Радзіму, яе межы, цікавых і знакамітых людзей.
У другім заданні ад Бульбашыка “Гаварушка” неабходна было дапоўніць сказы беларускім словам. Цікавасць і захапленне вызвалі гульні “Назаві ласкава”, “Чароўная сцежачка”, “Хто дзе жыве”.
У заданні “Перакладчык” дзеці прадэманстравалі свае веды пра Беларусь у гульнях “Праблемнае пытанне”, “Складзі сказ па малюнку”, “Назаві правільна”, атрымалі трэцюю дэталь ад Бульбашыка і склалі карту Беларусі. У гульнях “Пазнай свой сцяг”, “Сімвалы маёй краіны”, пальчыкавай гімнастыцы “Будзем мы сцягі лічыць” выхаванцы замацавалі свае веды пра дзяржаўныя сімвалы.
Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі мастакоў і намалявалі беларускі сцяг. Яны з вялікім захапленнем выконвалі работу фарбамі. Па выніках занятку створаны лэпбук “Сімвалы маёй краіны”. У другой палове дня дзеці праслухалі вершы пра Беларусь П.Броўкі “Дарагая Беларусь”, Дануты Бічэль-Загнетавай “Радзіма”, усе разам выканалі гімн Беларусі.
Галоўнымі задачамі мерапрыемства былі пашырэнне ведаў і ўяўленняў дашкольнікаў пра ролю міру ў свеце, фарміраванне ў іх паняцця нацыянальнай самасвядомасці, уяўлення, што чалавецтва – гэта сям’я, якая жыве ў адным вялікім доме – на планеце Зямля.
Вольга ЛЫСЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы