Хто на новенькую спецыяльнасць?

- 11:38В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт у гэтым годзе пачынае прыём на новую спецыяльнасць — “Тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў”. Што гэта за спецыяльнасць, для каго яна будзе прывабнай і якіх спецыялістаў будуць рыхтаваць ва ўстанове? Давайце шукаць адказы разам. 

Біяпалімеры ўсюды 

Чаму ў назве новай спецыяльнасці зроблены акцэнт на біяпалімерах? Таму што гэта вельмі прагрэсіўныя матэрыялы, якія валодаюць вялікім патэнцыялам для вытворчасці. Гэта больш экалагічная альтэрнатыва палімерам сінтэтычным, пры гэтым біяпалімеры даюць самыя разнастайныя магчымасці для выкарыстання, іх становіцца ўсё больш, а сфера іх прымянення пашыраецца.   

Новая спецыяльнасць ва ўніверсітэце з’явілася не на пустым месцы. Многа гадоў падрыхтоўка вялася па спецыяльнасці “Хімічная тэхналогія перапрацоўкі драўніны”. Навучэнцам прапаноўвалася некалькі спецыялізацый, а найбольш маштабнымі былі “Тэхналогія цэлюлозна-папяровых вытворчасцей” і “Тэхналогія драўняных пліт і пластыкаў”. Гэтыя спецыялізацыі і сталі падмуркам для новай спецыяльнасці. Аднак цяпер студэнты вывучаюць не толькі выраб паперы, кардону і драўняных пліт (хаця і яны застаюцца ў фокусе ўвагі), але і самыя розныя галіны і спосабы прымянення біяпалімераў. Такім чынам, спецыяльнасць стала больш шырокай і актуальнай. 

Патрэбу ў такіх змяненнях прадыктавала жыццё, а менавіта развіццё вытворчасці. На прадпрыемствах засвойваюць новыя прадукты, укараняюць новыя тэхналогіі, і выпускнікі ўніверсітэта павінны валодаць актуальнымі ведамі і ўменнямі.  

— За апошнія некалькі гадоў быў мадэрнізаваны шэраг прадпрыемстваў цэлюлозна-папяровай і дрэваапрацоўчай галіны, на гэта былі накіраваны каласальныя грашовыя сродкі, — расказвае загадчык кафедры хімічнай перапрацоўкі драўніны Вячаслаў Леанідавіч Флейшар. — Быў пабудаваны Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, праектная магутнасць якога 400 тысяч тон цэлюлозы ў год. На Добрушскай папяровай фабрыцы “Герой працы” ўведзены ў эксплуатацыю новы завод па вырабе шматслойнага кардону. Вытворчасці аснасцілі сучасным абсталяваннем. І патрэбны кадры, якія гатовы працаваць у такіх умовах. Новыя прадпрыемствы карэнным чынам адрозніваюцца ад тых, што былі нават 5 гадоў назад, і мы не можам рыхтаваць спецыялістаў гэтак жа, як рабілі гэта ўчора. Універсітэт ідзе ў нагу з часам і адкрывае новую спецыяльнасць.

Выбірай, што па душы 

Спецыяльнасць “Тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў” прапануе дзве спецыялізацыі. Адна з іх — “Тэхналогія цэлюлозна-папяровых і лесахімічных вытворчасцей”. Раней у рамках вывучэння цэлюлозных вытворчасцей разглядалася толькі перапрацоўка драўніны. Аднак сёння актуальныя і іншыя віды сыравіны. Напрыклад, паспяхова перапрацоўваюцца аднагадовыя расліны, такія як лён. У такім выпадку цэлюлоза мае зусім іншую структуру. Усё гэта знайшло месца ў змесце навучання.   

Прыём на факультэце тэхналогіі арганічных рэчываў ажыццяўляецца на групу спецыяльнасцей. Гэта значыць, што падаваць дакументы можна адразу на ўсе спецыяльнасці (усяго факультэт прапануе 5), указаўшы прыярытэтныя. Калі не хопіць балаў на спецыяльнасць, якая з’яўляецца найбольш жаданай, можна паспрабаваць свае сілы па той, якая пазначана наступнай у спісе, потым —  па наступнай, і гэтак далей.

Акцэнтавана ўвага і на лесахімічных вытворчасцях. Гэта важна таму, што зараз такія вытворчасці актыўна развіваюцца. Прычым развіццё ідзе ў бок глыбокай перапрацоўкі. Сёння хвойны лес можна перапрацоўваць практычна на сто працэнтаў — ад іголак да карэння. З яго вырабляюць не толькі дошкі, а цэлы набор прадуктаў, якія раней не выпускаліся, — прадукты перапрацоўкі на аснове каніфолі, шкіпінар, духмяныя рэчывы для парфумерыі і касметыкі, біялагічна актыўныя рэчывы і інш. Усё гэта належыць вывучыць тым, хто выбера новую спецыяльнасць.    

Другая спецыялізацыя — “Хімічная тэхналогія раслінных кампазіцыйных матэрыялаў”. Кампазіцыйныя матэрыялы — гэта тыя, што, злучаючы валокны, надаюць ім зусім новыя якасці. Раней студэнты БДТУ ўжо вывучалі тэхналогію вырабу драўняных пліт, для стварэння якіх выкарыстоўваюцца кампазіцыйныя матэрыялы. Але абмяжоўваліся толькі плітамі ДСП і ДВП. Сёння ж існуе мноства розных кампазіцыйных матэрыялаў і новых вырабаў. Напрыклад, пліты АСП і ДДФ з рознымі пакрыццямі. Або драўняныя пліты з металічным пакрыццём. Дарэчы, менавіта над такімі зараз працуюць у адной з лабараторый універсітэта. Уявіце сабе пліту, моцную, як метал, але лёгкую ў мантажы, як ДВП. І гэта толькі некалькі прыкладаў. Спецыялізацыя “Хімічная тэхналогія раслінных кампазіцыйных матэрыялаў” прапануе навучэнцам вывучыць самыя сучасныя тэхналогіі.  

 

Інжынер-хімік-тэхнолаг 

Канчатковыя лічбы прыёму пакуль не вызначаны, аднак прыблізна каля 40 чалавек будуць набраны для навучання па новай спецыяльнасці. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-хімік-тэхнолаг”. Таксама навучэнцам прапануецца другая ступень падрыхтоўкі па спецыяльнасці — магістратура. 

У БДТУ ёсць усё неабходнае, каб даць студэнтам якасную адукацыю. Так, тут працуюць спецыялізаваныя добра аснашчаныя лабараторыі, якія дазваляюць засвойваць новыя віды вырабаў. Напрыклад, лабараторыя, дзе можна вырабляць драўняныя пліты, эксперыментаваць з іх складам і пакрыццём і вывучаць іх якасці. Яшчэ адна лабараторыя — дзе можна ажыццявіць поўны цыкл вырабу паперы і ўсяляк яе даследаваць. Усё гэта дазваляе рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў. 

Некаторыя прыборы гэтых лабараторый — унікальныя для нашай краіны, іх няма пакуль нават на самых прагрэсіўных вытворчасцях. Дарэчы, вытворцы пры неабходнасці звяртаюцца ва ўніверсітэт, каб папрацаваць на гэтым абсталяванні ці правесці даследаванні. 

Спецыяльнасць “Тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў”:
— Сертыфікаты ЦТ, патрэбныя для паступлення: хімія, матэматыка, беларуская (руская) мова.
— Тэрмін навучання: 4 гады.
— Кваліфікацыя — “інжынер-хімік-тэхнолаг”. 

Пры жаданні студэнты могуць падчас вучобы паспрабаваць сябе і ў навуцы. Навуковая работа кіпіць ва ўніверсітэцкіх лабараторыях. Прычым яна заўсёды максімальна набліжана да вытворчасці — кафедра хімічнай перапрацоўкі драўніны мае шмат дагавораў з прадпрыемствамі на правядзенне даследаванняў і распрацоўку новых прадуктаў. Да гэтай работы запрашаюць і студэнтаў. 

 

Дзе патрэбны такія спецыялісты?  

— Выпускнікі па новай спецыяльнасці будуць запатрабаваны ў першую чаргу на прадпрыемствах. Пабудаваны і мадэрнізаваны не маленькія прадпрыемствы, а прамысловыя гіганты, і ім патрэбны кадры. Яны гатовы прадастаўляць маладым спецыялістам жыллё і адразу высокі заробак. У краіне больш за 12 толькі буйных прадпрыемстваў, якія выпускаюць паперу і кардон, каля 20 — выпускаюць драўняныя пліты, пластыкі, мэблю. А ёсць яшчэ і безліч маленькіх прадпрыемстваў, — тлумачыць Вячаслаў Леанідавіч Флейшар.

Нагадаем, што кваліфікацыя ў выпускнікоў будзе “інжынер-хімік-тэхнолаг”, таму яны могуць уладкавацца працаваць таксама ў хімічныя лабараторыі, даследчыя інстытуты, арганізацыі, што праводзяць экспертызы, і інш. Аб тым, наколькі запатрабаваны спецыялісты гэтага кірунку, сведчыць той факт, што падчас размеркавання выпускнікоў гэтага года многія заяўкі ад заказчыкаў кадраў засталіся не закрытымі — маладых спецыялістаў для ўсіх жадаючых не хапіла. Так што без работы выпускнікі БДТУ па гэтай спецыяльнасці не застануцца. 

Дар’я РЭВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий