Колькі вобразаў у жанчыны?

- 10:24В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

У Жодзінскую жаночую гімназію прыязджаюць вучыцца нават з Барысава і Смалявіч. Унікальная, адзіная ў краіне ўстанова такога тыпу была створана 30 гадоў назад. Ідэя навучання ў жаночай гімназіі заключаецца ў выхаванні адукаванай і ўсебакова развітой асобы дзяўчыны, паспяховай як у асабістым жыцці, так і ў прафесіі. 

Як жа без хлопчыкаў? 

— Мы не проста адраджаем лепшыя традыцыі класічнай адукацыі, але і развіваем іх з улікам сучасных патрабаванняў. У гімназіі займаюцца 250 дзяўчынак. Наша задача — даць ім рознабаковую адукацыю, якая дазволіць ім выбраць добрую прафесію, любімую справу, адбыцца як асоба, — гаворыць дырэктар установы Алеся Салаган. — Калектыў гімназіі зладжаны, ёсць у яго складзе і мужчыны. Ніколі не ўзнікала пытання аб тым, што раздзельнае навучанне неэфектыўнае ці неяк шкодзіць дзяўчынкам. Такая адукацыя мае нават свае плюсы. Дзеці прыходзяць у школу перш за ўсё вучыцца. Так, зносіны і сяброўства патрэбны, у тым ліку і з процілеглым полам. І магчымасцей камунікаваць з хлопчыкамі ў нашых вучаніц дастаткова: падчас дадатковых заняткаў, пазакласных і пазашкольных мерапрыемстваў, падрыхтоўкі да конкурсаў. На нашы святочныя канцэрты прыходзяць сем’ямі, дзяўчынкі могуць запрасіць у гімназію сваіх сяброў і знаёмых. Раней у нас існавала традыцыя сумесных вечароў з сувораўскімі і кадэцкімі вучылішчамі. У планах аднавіць гэтае супрацоўніцтва.  

Калі Алеся Васільеўна ў 2018 годзе ўзначаліла ўстанову, то прапанавала ўвесці адзіны стыль адзення. Класічныя камізэлькі і пінжакі ўпрыгожвае галоўны элемент адзення — сіні гальштук гімназісткі, а ў педагогаў — сіні шалік з выявай герба гімназіі. На гербе адлюстраваны разгорнутая кніга з надпісам на лацінскай мове “Вучымся не для школы, а для жыцця” і выява профіля дзяўчыны ў акадэмічнай шапачцы. На ўрачыстасцях пасвячэння ў гімназісткі і пры ўручэнні атэстатаў дзяўчынкі апранаюць такія шапачкі. Форму рэкамендуюць насіць штодня. Але напярэдадні 8 Сакавіка, у свой дзень нараджэння і ў апошні тыдзень кожнай чвэрці гімназісткам дазваляецца прыйсці на вучобу ў сваіх любімых уборах. 

Сучасныя “Кацюшы” 

На працягу 10 гадоў у гімназіі праз дзейнасць пошукава-даследчага атрада “Кацюша” пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Галіны Аніскевіч рэалізуецца ваенна-патрыятычнае выхаванне. У атрад уваходзяць 5—7 вучаніц 8—11 класаў. Разам з Галінай Іванаўнай яны выконваюць вельмі карпатлівую работу, звязаную з пошукам воінскіх пахаванняў і аднаўленнем імён салдат. Выязджаюць на мясцовасць, вывучаюць архівы, у тым ліку расійскія. Шукаюць запісы часоў вайны, лісты, рознага роду карткі, ваенныя білеты, супастаўляюць факты, апытваюць сваякоў, мясцовых жыхароў і сведак. Так яны высвятляюць інфармацыю пра ўдзельнікаў баёў, якія праходзілі на нашай зямлі, і месцы пахаванняў. У надзеі знайсці сваіх блізкіх па дапамогу да “Кацюшы” звяртаюцца з розных краін. Г.І.Аніскевіч мае ўзнагароды за пошукавую работу.

— За гады дзейнасці атрада нам удалося ўстанавіць месцы пахаванняў больш як 100 чалавек, 5 брацкіх магіл набылі імёны, — адзначае Галіна Іванаўна. — На гэтых месцах пры садзейнічанні гарадскога выканкама ўстаноўлены помнікі. Вернуты з забыцця 9 імён каманды браняпоезда № 47, разгромленага 30 чэрвеня 1941 года на станцыі Пралетарская Перамога. Паветраная бітва над Бабруйскім 30 чэрвеня 1941 года не ўвайшла ні ў адзін падручнік. У той дзень было збіта больш за 100 савецкіх самалётаў. “Кацюша” аднавіла гэтую трагічную гісторыю вайны. Набыла імёны брацкая магіла 12 воінаў Савецкай Арміі і партызан у мікрараёне Зарэчча Жодзіна. Аднойчы да нас звярнуўся мужчына з Ізраіля, які шукаў месца пахавання свайго дзеда. Паводле інфармацыі, якой ён падзяліўся, мы правялі расследаванне і знайшлі гэтае месца. Вернуты імёны безыменнай брацкай магілы № 1622 у Крыніцы Смалявіцкага раёна, дзе пахавана 47 чалавек, а таксама ўстаноўлены імёны 9 байцоў, пахаваных у брацкай магіле № 1628 у Слабадзе Азярыцкай Смалявіцкага раёна. 

З вынікамі пошукавай работы вучаніцы выступаюць на навукова-даследчых канферэнцыях у Беларусі і Расіі, дзе атрымліваюць дыпломы. 

— Зараз мы даследуем мала вывучаную старонку 1941 года — баявы шлях 100-й стралковай дывізіі, якая абараняла Мінск, ведучы баі на тэрыторыі Смалявіцкага раёна, — працягвае педагог. — Знайшлі дзве няўлічаныя брацкія магілы — у Чырвоным Лужку і ў раёне вёскі Волма ў лесе і дзве брацкія магілы ў Астрашыцкім гарадку, дзе са 151 пахаванага палова безыменных. Іх імёны мы ўстанавілі. У планах арганізаваць раскопкі з прыцягненнем 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна ў раёне Кургана Славы, дзе ёсць невядомае вайсковае пахаванне 1941 года. 

Правядзенне такіх пошукаў — мая ўнутраная патрэба. Я вырасла ў ваенным гарадку, мой бацька ваенны. Працавала ў Жодзінскім краязнаўчым музеі, дзе людзі расказвалі мне падрабязнасці пра ваенныя часы, якія патрабавалі далейшага даследавання.

 

 Будучыя педагогі

У Жодзінскай жаночай гімназіі з 2017 года функцыянуе адзіная ў горадзе міжшкольная група педагагічнай накіраванасці. З 2018 года ўстанова атрымала статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. На факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” ў шосты школьны дзень прыязджаюць дзеці з усяго горада, у тым ліку і хлопчыкі. Вядзе заняткі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Дземянцэвіч, у мінулым выпускніца гімназіі. 

— Наша задача — падтрымаць жаданне дзяўчынкі стаць педагогам, прывіць любоў да гэтай прафесіі, сфарміраваць разуменне таго, што гэта крута, модна і сучасна, — гаворыць Вольга Анатольеўна. — І тут вельмі многае залежыць ад настаўніка, які праводзіць заняткі, а па вялікім рахунку кожны педагог гімназіі працуе на імідж педагагічнай прафесіі. У педгрупу адны прыходзяць мэтанакіравана, а іншыя разглядаюць яе як дадатковы варыянт. Але за два гады старшакласніцы вызначаюцца, ці падыходзіць ім гэтая прафесія. У сярэднім у педуніверсітэт паступае 30—35 працэнтаў выпускніц педгрупы, ідуць самыя матываваныя. 

Трэці год старшакласніцы гімназіі стабільна выбіраюць у якасці профільнага прадмета матэматыку ў межах эканамічнага профілю. Традыцыйна папулярны хіміка-біялагічны профіль. На працягу 25 гадоў ва ўстанове працуе настаўніца хіміі Валянціна Гранстрэм, якая вядзе міжшкольны факультатыў, рыхтуе пераможцаў алімпіяд. Таксама ў старшых класах гімназіі на павышаным узроўні вывучаюць рускую і замежныя мовы — англійскую або французскую, якія з 5 класа выкладаюцца дадаткова ў рамках дапрофільнай падрыхтоўкі. Каля 90 працэнтаў выпускніц гімназіі штогод паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. 

За ўсю гісторыю гімназіі 20 яе вучаніц сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Сярод іх вучаніцы 11 класа Алена Косач, якая перамагла ў рэспубліканскай НПК у секцыі “Грамадазнаўства” з работай “Жаночыя вобразы ў часопісе “Работніца і сялянка”, і Ганна Казлова, якая атрымала залаты медаль і спецпрыз на міжнародным конкурсе навукова-інавацыйных ідэй і праектаў у Інданезіі з работай, прысвечанай маніторынгу вады з нецэнтралізаваных крыніц водазабеспячэння на тэрыторыі Барысаўскага раёна. 

   

Этыка і эстэтыка

Гімназісткі маюць разнастайныя інтарэсы, наведваюць мастацкую і музычную школы горада, займаюцца спортам, гуляюць у шахматы, разам з настаўніцай геаграфіі збіраюць унікальную калекцыю камянёў з розных куткоў свету. Да іх паслуг басейн і трэнажорная зала гімназіі. Дзяўчынкі ўдзельнічаюць у днях самакіравання, конкурсе “Міс гімназія”, спаборнічаюць у кулінарным майстэрстве, выдаюць газету “ГімназіЯ”. З першага класа вывучаюць асновы праваслаўнай культуры, харавых спеваў. Дзейнічае ва ўстанове і ўзорная студыя танца “Кісларод”, дзе заняткі праводзіць настаўнік харэаграфіі Дзмітрый Печань. 

— У нас выкладаюцца класічны, народны і сучасны танцы. На платнай аснове арганізуем дадатковыя заняткі для ўсіх жадаючых, — гаворыць педагог. — Прыходзяць і хлопчыкі — як жа без іх ставіць сумесныя нумары. Хутка выпускны баль, падрыхтуем з дзяўчынкамі вальс. У якасці партнёра для танцаў яны могуць запрасіць свайго сябра, старэйшага брата або тату. Калектыў “Кісларод” за апошні год атрымаў 7 гран-пры на конкурсах па лініі Міністэрства культуры, двойчы адзначаны дыпломамі рэспубліканскага ўзроўню на конкурсе “Прывітанне, свет!”, лідзіруе ў конкурсах “Творчасць без меж”, “Юныя таленты Беларусі”, выступае на абласным балі ў губернатара. 

Настаўніца французскай мовы гімназіі Вольга Чарвякова вядзе ў 7—8 класах факультатыў “Асновы этыкету” і курс сямейнай педагогікі. 

— Сёння на ўроку мы вывучаем пытанні сервіроўкі святочнага стала, разглядаем выкарыстанне папяровых і тканінных сурвэтак, — расказвае педагог. — На нашых занятках дзяўчынкі вучацца не толькі таму, як сустракаць гасцей, але і іншым тонкасцям. Напрыклад, як падабраць святочнае адзенне, зрабіць прычоску, асвойваюць добрыя манеры. 

У гімназіі выхоўваюць і будучых гаспадынь. 

— Калі 30 гадоў назад быў актуальным пашыў стандартных халатаў і фартухоў, то сёння неабходна рабіць упор на дызайн і крэатыўнасць, вучыць дзяўчынак рабіць і тое, што прыгожа, і тое, што карысна, і тое, што можна падарыць або прадаць, — разважае настаўніца працоўнага навучання Наталля Гараган. — Часам з непатрэбных, на першы погляд, рэчаў можна стварыць сапраўдны шэдэўр. На занятках мае вучаніцы шыюць лялькі і цацкі, экасумкі, вяжуць кручком, робяць паштоўкі, падстаўкі пад тэлефон, гравюры, работы з бісеру, вышываюць, а на гуртку “Жыві смачна” гатуюць. Вучу дзяўчынак любіць жыццё, захоўваць сямейныя каштоўнасці, быць гасціннымі, расказваю пра народныя звычаі і святы.  

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий