Вучні 11-га класа Міжэвіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна ў рамках пілотнага праекта па арганізацыі і правядзенні экскурсій наведалі Іўеўскі музей нацыянальных культур.
Пасля паездкі стомленыя, шчаслівыя адзінаццацікласнікі дзяліліся сваімі шчырымі і адкрытымі ўражаннямі.
Крысціна Габава расказала, што ў Іўі яна была ўпершыню. Ёй запомнілася, што гэты горад яшчэ называюць сталіцай беларускіх татар. У спадчыну яму дасталася багатая гісторыя, хрысціянская, іўдзейская і мусульманская культура.
Першая зала музея прысвечана яўрэйскай абшчыне. Экскурсавод паведаміла пра святкаванне нацыянальных рэлігійных свят, правілы правядзення рэлігійных службаў. Вучням было прапанавана паўдзельнічаць у яўрэйскай гульні, невялікі відэафрагмент якой змагла зняць Ірына Саўко.
Са слоў Дар’і Атрашковай, у зале “Беларускія татары” яны ўбачылі макет старажытнай татарскай царквы, нацыянальныя касцюмы, фотаздымкі татараў.
Наглядная дэманстрацыя гісторыі і самабытнасці беларускага народа прадстаўлена ў зале “Пад адзіным небам праз стагоддзі”. Асаблівую падзяку старшакласнікі выказалі экскурсаводу Марыне Пазняк.
Дзіме Бялько вельмі спадабаўся незвычайны манумент у цэнтры горада. Ён узведзены ў гонар канфесій, якія сотні гадоў жылі тут. Гэта каталіцызм, праваслаўе, іўдаізм і мусульманства. Чатыры аркі глядзяць у бок храма адпаведнай рэлігіі.
Не змаглі мы так проста праехаць каля касцёла святых Пятра і Паўла. Прыцягнула ўвагу вельмі прыгожая статуя Хрыста з распрасцёртымі рукамі (амаль такая, як у Рыа-дэ-Жанейра). Разам з настаўніцай гісторыі Людмілай Засімовіч мы зайшлі ў касцёл.
Вучні прыйшлі да высновы, што Іўеўская зямля – гэта своеасаблівы край, дзе ёсць праца і адпачынак, святы, будні і добрыя традыцыі.
Лічу, што экскурсія стала для старшакласнікаў сапраўдным інтэрактыўным урокам па вывучэнні гісторыі Беларусі.
Алена ШКУДА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Міжэвіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна