І “Мудрыя совы” ў дапамогу

- 11:54В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

На базе гімназіі № 146 Мінска адбылося пасяджэнне студыі прафесійнага ўдасканалення “Рост” для маладых педагогаў па тэме “Як хораша ўмець чытаць!”, або Чытацкая дасведчанасць  як аснова паспяховасці навучання”.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў Цэнтр падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Мэта пасяджэння — фарміраванне ў пачынаючых педагогаў ключавых прафесійных кампетэнцый, патрэбы ў пастаянным развіцці і самаўдасканаленні.

З асновамі канструявання кампетэнтнасна арыентаваных заданняў у кантэксце ўдзелу беларускіх школьнікаў у міжнародным даследаванні PISA прысутных пазнаёміла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Шавель.

– ХХІ стагоддзе ставіць перад сістэмай адукацыі зусім іншыя задачы. Мы павінны навучыць дзяцей думаць, аналізаваць, працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, дзейнічаць у нестандартных сітуацыях, — іншымі словамі, даць ім не рыбу, а вудачку, сфарміраваць уменні і навыкі, якія дапамогуць у іх далейшым жыцці, — мяркуе Святлана Анатольеўна. — У Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года ключавым прызнаны кампетэнтнасны падыход. Сярод галоўных кампетэнцый, якія павінны развівацца ў вучняў, — навык каманднай работы, крытычнае мысленне, камунікацыя і крэатыўнасць. Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу патрабуе абнаўлення не толькі мэт, але метадаў і сродкаў навучання.

Маладыя педагогі, аб’яднаўшыся ў групы, папрактыкаваліся ў складанні кампетэнтнасна арыентаваных заданняў па розных вучэбных прадметах. Яны адзначылі, што ўсе заданні, як правіла, маюць пяцікампанентную структуру і складаюцца са стымула, задачнай фармулёўкі, крыніцы інфармацыі, формы прадстаўлення вынікаў, інтрумента праверкі (мадэльнага адказу, аналітычнай шкалы, назіранняў).

Сучаснае жыццё патрабуе ад вучня свабоднага валодання мовай, умення мець зносіны з рознымі людзьмі ў розных сітуацыях, не адчуваючы пры гэтым пачуцця дыскамфорту. Таму фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі школьнікаў праз работу з тэкстам на любым прадмеце сёння з’яўляецца прыярытэтнай, — лічыць настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 146 Ірына Варакса.

Пры рабоце з тэкстам школьнікі вучацца вызначаць тэму і раскрываць асноўную думку, падбіраць і сістэматызаваць неабходны матэрыял, знаходзіць моўныя сродкі, задаваць пытанні, складаць кампазіцыйную схему, ствараць дыялагічныя выказванні і інш.

Правільна падабраны тэкст вырашае некалькі задач адначасова: развіццё маўлення навучэнцаў, чытацкай кампетэнцыі (работа з фрагментамі твора можа абудзіць дапытлівасць і жаданне пазнаёміцца з працягам тэксту і з іншымі творамі аўтара), выхаванне патрыятызму, любові да роднага слова. Акрамя таго, даследуючы тэкст, працуючы з асобнымі словамі, сказамі, вучні развіваюць арфаграфічную пільнасць. Галоўнае, каб работа з тэкстам не была фрагментарнай, гэта значыць ад выпадку да выпадку.

Ірына Варакса прадставіла маладым педагогам найбольш выніковыя формы і метады арганізацыі работы з тэкстам. Сярод эфектыўных прыёмаў — “Неаб’яўленая тэма” , “Скарбонка ідэй”, “Чытанне з прыпынкамі” і інш. Звяртае на сябе ўвагу і педагагічная тэхніка “Мудрыя совы”, калі навучэнцам прапаноўваецца самастойна прапрацаваць змест тэксту (індывідуальна ці ў групе), а затым яны атрымліваюць рабочы ліст з канкрэтнымі пытаннямі і заданнямі з мэтай апрацоўкі змешчанай у тэксце інфармацыі. Напрыклад, вучням прапануецца знайсці ў тэксце новыя паняцці і запісаць іх у алфавітным парадку або выбраць з тэксту новую інфармацыю, якая з’яўляецца нечаканай, бо супярэчыць чаканням і першапачатковым уяўленням.

– Я толькі першы год працую ў школе і для мяне, як і для маіх калег, маладых настаўнікаў, вельмі важны вопыт старэйшых педагогаў. Таму пасяджэнні студыі “Рост” лічу сапраўды неабходнымі, — падзялілася сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 82 Мінска Марына Зобава. — Мы актуалізавалі свае веды аб чытацкай дасведчанасці, разгледзелі механізмы яе фарміравання, папрактыкаваліся ў стварэнні практыка-арыентаваных заданняў, якія можна выкарыстоўваць на занятках. Шэраг метадаў і прыёмаў я ўзяла на заметку і па магчымасці выкарыстаю на сваіх уроках.

Наталля КАЛЯДЗІЧ

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий