“Як жа хутка праляцела трэцяя, самая вялікая чвэрць у навучальным годзе. Застаўся апошні рывок – і мы адправімся на доўгачаканыя летнія канікулы”, – такімі словамі вядучых пачалася ў Поразаўскай сярэдняй школе лінейка, прысвечаная заканчэнню трэцяй чвэрці гэтага навучальнага года. Урачыстасць моманту падкрэсліла падняцце сцяга Рэспублікі Беларусь і выкананне гімна.
Чвэрць была насычана рознымі мерапрыемствамі і яркімі падзеямі, што прыносіла ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу станоўчыя эмоцыі. Пры падвядзенні вынікаў вучэбнай дзейнасці намеснік дырэктара Святлана Балюк паведаміла, што з 101 навучэнца – 10 выдатнікаў вучобы і 19 маюць адзнакі 4-га узроўню. Навучэнка 9-га класа Вікторыя Пачабут – прызёр III этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”.
Была звернута ўвага прысутных на асноўныя дасягненні навучэнцаў пры ўдзеле ў спаборніцтвах і конкурсах розных узроўняў. Дыплом III ступені на абласным этапе алімпіяды-конкурсу “Школа бяспекі – 2022” атрымаў Ілля Шкулепа, Валерыя Гойлік – пераможца абласнога этапу конкурсу “Выратавальнік вачыма дзяцей”. Вучаніца 10-га класа Дзіяна Ботвіч атрымала стыпендыю Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”.
Адзін з хвалюючых момантаў лінейкі – зварот дырэктара школы да прысутных. З вуснаў Ларысы Паплаўскай гучаў загад з аб’яўленнем падзяк за выдатную і добрую вучобу, спартыўныя і творчыя дасягненні. Безумоўна, гэта стане стымулам для імкнення да далейшых перамог.
Заўсёды жаданы госць у школе – старшыня Поразаўскага сельскага савета Віктар Акудовіч. Ён адзначыў, што для Беларусі захаванне гістарычнай спадчыны – справа першараднай важнасці. Сваім абавязкам Віктар Вацлававіч лічыць удзел у выхаванні падрастаючага пакалення, таму чарговы раз ён прадаставіў экспанаты для школьнага музея і выказаў упэўненасць у тым, што памяць продкаў будзе захоўвацца. “Мы любім сваю Бацькаўшчыну, памятаем старонкі гісторыі, паважаем традыцыі, а значыць, зробім усё для таго, каб наша Беларусь заўсёды заставалася “краінай міру, дружбы і добрасуседства”, – такімі словамі закончыў выступленне Віктар Вацлававіч.
Самых актыўных удзельнікаў піянерскіх спраў назвала педагог-арганізатар Наталля Гуштын. Яна выказала спадзяванне, што ўзяты тэмп працы дазволіць піянерам дружыны імя Марата Казея атрымаць добрыя вынікі ў рэспубліканскіх патрыятычных акцыях.
Старшыня вучнёўскага самакіравання Дзіяна Ботвіч пазнаёміла з планам работы на канікулы і заклікала навучэнцаў удзельнічаць не толькі ў справах, якія будуць арганізаваны ва ўстанове адукацыі, але і наведваць Поразаўскую бібліятэку – цэнтр краязнаўства, дзе пройдуць мерапрыемствы тыдня дзіцячай кнігі.
Педагог сацыяльны Ала Дуброўская нагадала пра тое, што адпачынак на канікулах павінен праходзіць “у рамках прававога поля”, а выкананне правіл бяспекі жыццядзейнасці – галоўная ўмова арганізаванага адпачынку.
Падведзены вынікі. Наперадзе – апошняя чвэрць навучальнага года – час для дасягнення пастаўленых мэт і далейшай рэалізацыі планаў.
Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна