Дзевяцікласнікі наведалі літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея

- 15:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

З жыццём і творчасцю Янкі Купалы вучні беларускіх школ знаёмы добра. Штогод яны вывучаюць творы класіка беларускай літаратуры. Вучні 9 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды наведалі літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея, які ўсім лідчанам больш вядомы пад назвай Домік Таўлая. Менавіта тут адкрылася выстава “Ізноў наведаў Купала наш Ліду”.

З цікавым фактам з жыцця класіка беларускай літаратуры пазнаёміў вучняў куратар выставы, навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун.

24 сакавіка – асаблівая дата для гісторыі нашага горада. У далёкім 1940 годзе ў гэты дзень Янка Купала прыехаў у Ліду на сустрэчу з выбаршчыкамі па Лідска-Слабадской выбарчай акрузе. Візіт яго працягваўся тры дні. За гэты час паэт меў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з горадам і людзьмі, сустрэцца з літаратарамі, прайсціся па вуліцах даваеннай Ліды. Тады ж паэту быў уручаны білет дэпутата па Лідскай-Слабадскай выбарчай акрузе № 306.

Адным з цікавых фактаў тых дзён з’яўляецца тое, што Купала прыехаў у Ліду напачатку вясны і прамачыў свой абутак. Валянцін Таўлай, беларускі пісьменнік, які жыў тады ў Лідзе, заўважыўшы гэта, хутка наведаў абутковую фабрыку “Ардаль”, дзе вырабляліся галёшы. Работнікі фабрыкі, пачуўшы, што галёшы патрэбны вядомаму беларускаму пісьменніку, з задавальненнем падарылі іх.

Даведаліся вучні і пра тое, як у 1956 годзе жонка паэта Уладзіслава Луцэвіч наведвала Ліду падчас прысваення лідскай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы. Дарэчы, гэтае імя бібліятэка мае і сёння. Яшчэ ў гонар Купалы названа адна з вуліц горада Ліды.

На выставе школьнікі ўбачылі фотаздымкі, якія расказваюць пра падзеі таго часу, копіі дакументаў, артыкул газеты “Известия”, дзе размешчаны зварот Купалы да выбаршчыкаў. Найбольш значнымі экспанатамі выставы лічацца, па словах куратара, прыжыццёвае выданне зборніка Я.Купалы “Жалейка” (1908 г.) і кніга “Беларускі народны арнамент”, падараваная падчас наведвання гарадской бібліятэкі Уладзіславай Лучэвіч 29 чэрвеня 1956 года, пра што сведчыць надпіс на вокладцы.

Выстава вельмі ўразіла юных наведвальнікаў, дала магчымасць паглыбіць свае веды пра родны горад і бліжэй пазнаёміцца з Купалам. У Год гістарычнай памяці такія экскурсіі, упэўнена, дапамогуць маладому пакаленню захаваць сувязь з мінулым, без якога немагчыма будучае.

 

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий