Юлія Кашырава — уладальніца ганаровага звання “Мінчанін года” і прэміі Мінгарвыканкама, настаўніца хіміі сталічнай сярэдняй школы № 210 кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Педагог паспяхова рыхтуе ўдзельнікаў навуковапрактычных канферэнцый і алімпіяд, з’яўляецца аўтарам дапаможнікаў для вучняў, стварае навучальныя модулі і відэаўрокі, актыўна дзеліцца вопытам з калегамі.
— Паступала ў медыцынскі ўніверсітэт, бо захаплялася біялогіяй, але ў апошні момант забрала дакументы, зразумела, што гэта не маё, бо на самай справе я вельмі баюся выгляду чалавечай крыві, — гаворыць Юлія Аляксандраўна. — Спынілася на біялагічным факультэце БДУ, дзе займалася навуковымі даследаваннямі: тэсціравала на пацуках прэпараты для лячэння інфаркту міякарда. З паступленнем у аспірантуру не спяшалася. Яшчэ на 4 курсе падпрацоўвала ў школе. Не хацела кідаць дзённае навучанне, таму ўладкавалася ў вячэрнюю школу, дзе маімі вучнямі былі ў асноўным рабочыя з заводаў, якія ў свой час не атрымалі базавай адукацыі. Натуральна, ува мне яны не бачылі педагога. Аднойчы, прыйшоўшы ў клас, на сваім стале я знайшла велічэзнага мёртвага пацука. Усе, мабыць, думалі, што я пачну вішчаць ад страху. А я з усмешкай узяла ў рукі пацука і прамовіла: “Даўно я не прэпарыравала іх”. З таго часу ў мяне з маімі дарослымі вучнямі праблем не ўзнікала. На 5 курсе мне дазволілі свабоднае наведванне. З раніцы я працавала ў школе (№ 77 Мінска), а ўвечары рыхтавалася да заняткаў. Амаль адразу пасля заканчэння ўніверсітэта мне прапанавалі пасаду намесніка дырэктара сярэдняй школы № 141 Мінска. Каб зарэкамендаваць сябе ў вачах вопытных калег, даводзілася шмат працаваць. З гэтай пасады пайшла ў дэкрэтны водпуск. У далейшым сумяшчаць адказную кіраўніцкую работу з выхаваннем малых дзяцей было цяжка, таму я стала настаўніцай хіміі ў сярэдняй школе № 210.
У выкладанні хіміі Юлія Кашырава, з аднаго боку, прытрымліваецца класічных падыходаў. Яна ўпэўнена, што добры настаўнік і з крэйдай ля дошкі будзе паспяховы. З другога боку, яна лічыць, што настаўніку трэба разнастайваць свае ўрокі, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі.
— Калі тэма складаная, то я больш часу сама знаходжуся каля дошкі, каб даступна растлумачыць усё дзецям. Калі ж тэма больш простая, даю апераджальныя заданні, — гаворыць педагог. — Для таго каб вучням было лягчэй успрымаць матэрыял, выкарыстоўваю наступныя метадычныя прыёмы: складанне апорных планаў-канспектаў, схем, запаўненне табліц, пабудова лагічных ланцужкоў, вырашэнне праблемных пытанняў і сітуацый, устанаўленне прычынна-выніковых сувязей і інш. Прывіць любоў да прадмета можна, калі дзеці адчуваюць неабыякавыя адносіны настаўніка да сваёй справы, бачаць, што ён не проста з падручніка чытае тэму і па ім жа апытвае, а ўвесь час развіваецца, прыдумвае нешта новае.
Развіццёвае навучанне для кожнага
Штогод вучні Юліі Аляксандраўны паспяхова прымаюць удзел у другім і трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, інтэлектуальных і даследчых конкурсах, міжнародным конкурсе крэатыўнасці “Адысея Розуму”. Каманда “Куксікі”, трэнерам якой з’яўлялася Юлія Аляксандраўна, два гады займала 2-е месца на рэспубліканскім этапе. Яе вучні атрымліваюць высокія балы на ЦТ: ад 85 да 96. Педагог вядзе заняткі для навучэнцаў Заводскага раёна Мінска ў рамках міжшкольнага факультатыву па хіміі, рыхтуе каманду школьнікаў раёна для ўдзелу ў трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, з’яўляецца кіраўніком каманды, а на вочным этапе гарадской інтэрнэт-алімпіяды па хіміі для навучэнцаў 7—11 класаў — намеснікам старшыні журы.
Сфарміраваць псіхалагічную ўстойлівасць школьнікаў пры падрыхтоўцы да алімпіяд і конкурсаў дапамагаюць цыклы сацыяльна-псіхалагічных трэнінгаў, якія псіхалагічная служба школы праводзіць з выкладчыкамі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка.
— Навучанне без развіцця немагчыма. Вядома, можна навучыць вучня знешняй дзейнасці, напрыклад, набору тэксту на камп’ютары. Але для таго каб запусціць шэраг працэсаў унутранага развіцця, патрэбны правільна пабудаваныя працэсы школьнага навучання, — адзначае педагог. — Пры ўсіх цяжкасцях сучасная сістэма адукацыі павінна быць пляцоўкай, на якой ствараюцца ўсе магчымыя ўмовы для развіцця асобы вучня, у тым ліку адоранага. Рэалізаваць гэты падыход можна з дапамогай тэхналогіі развіццёвага навучання. Спачатку я вызначаю вучняў, якія могуць, а галоўнае, хочуць займацца хіміяй у большым аб’ёме, чым прадугледжвае школьны курс. Пачынаю працаваць з імі індывідуальна ў пазаўрочны час, для кожнага раблю сваю падборку заданняў. Вызначаю ўзровень навучанасці і навучальнасці, інтарэсы дзіцяці. Рэалізаваць патэнцыял вучня можна, калі сфарміраваць у яго ўменне вучыцца. Галоўнае — знайсці індывідуальны падыход да кожнага.
Для вучня з інтэлектуальным тыпам адоранасці трэба падрыхтаваць звышзадачу. Калі ён адмаўляецца яе рашаць, можна пакінуць заданне на стале і нават выказаць сумненне ў тым, што вучань самастойна рэшыць задачу. Тады, хутчэй за ўсё, гэта заахвоціць яго да самастойнага пошуку неабходнай інфармацыі. Пасля разбору задачы можна паказаць найбольш рацыянальны спосаб рашэння і прапанаваць паглыблены тэарэтычны матэрыял па тэме.
Для вучня акадэмічнага тыпу адоранасці мэтазгодны шлях развіцця “ад простага да складанага”. Найбольш прымальным будзе паэтапнае вывучэнне новага матэрыялу, знаёмства з рознымі тыпамі задач, адпрацоўка вывучанага матэрыялу.
Крэатыўна адоранаму вучню перад асваеннем новай тэмы неабходна ставіць праблемнае пытанне ці ствараць праблемную сітуацыю. Пастаянная цікавасць і пошук нестандартнага спосабу рашэння — асноўныя ўмовы сістэматычнай работы такіх вучняў.
Самыя паспяховыя дзеці вывучаюць новы матэрыял і рашаюць прапанаваныя заданні самастойна. Тое, што выклікае цяжкасці, разбіраюць на індывідуальных занятках з педагогам. Для іх важна сістэматызаваць назапашаныя веды і ўменні, навучыцца прымяняць іх у новай сітуацыі: пры адпрацоўцы тэставых заданняў, рашэнні алімпіядных задач.
Даследчыцкі запал
На працягу двух гадоў Юлія Кашырава і яе вучні супрацоўнічаюць з Мінскім малочным заводам № 1. У мінулым годзе на рэспубліканскім этапе навукова-практычнай канферэнцыі па хіміі за работу па тэме “Маніторынг кіслотнасці малочных прадуктаў”, якую педагог рыхтавала разам з дачкой Ганнай Кашыравай, быў атрыманы пахвальны водзыў.
— Мы даследавалі, як доўга захоўваецца малако ў залежнасці ад умоў і тары (адкрытая або герметычная), — расказвае Юлія Аляксандраўна. — Выснова — лепш купляць малако ў поліэтыленавых пакетах, у іх унутры ёсць спецыяльны чорны пласт. У тэтрапакетах малако таксама нядрэнна захоўваецца, а вось у пластыкавых бутэльках скісае часам раней тэрміну прыдатнасці. Яшчэ адно даследаванне праводзім зараз са штамамі, з якіх атрымліваем закваскі. На заводзе нам прадаставілі лабараторыю, і мы з вучаніцамі 8 класа Ксеніяй Швед і Віялетай Давідовіч ездзім туды заквашваць ёгурт. Вырашылі паспрабаваць вырабіць ёгурт з дабаўленнем агародніны — такога пакуль няма на прылаўках. Паставілі закваску, прадэгуставалі і засталіся задаволеныя. Робім закваску з выкарыстаннем агародніны ў сырым і адварным выглядзе. Спачатку бралі моркву ў сырым выглядзе. Правялі і другі эксперымент — у гатовую закваску дабавілі адварны гарбуз. Рабілі закваску з сельдэрэем, сокам буракоў і асобна са жмыхам буракоў, спрабавалі розныя міксы. Пакінулі закваску ў халадзільніку на малаказаводзе і перыядычна ездзім туды кантраляваць працэс. З Ксеніяй і Віялетай мы арганізавалі даследаванне па харчовых фарбавальніках. Спачатку выдзялялі адпаведныя пігменты з агародніны, якія даследавалі на кіслотнасць. Усё змешвалі, каб атрымаць пэўную афарбоўку, з дапамогай якой мянялі колер розных прадуктаў — макароны, яек, хлеба, суфле.
Прыкладныя заданні для вучняў розных тыпаў адоранасці па тэме “Нукліды і ізатопы”.
Задачы (інтэлектуальны тып адоранасці).
1. Ёсць сумесь звычайнай і цяжкай вады. Вызначыце масавую долю цяжкай вады ў сумесі, калі масавая доля элемента кіслароду ў сумесі роўная 86%.
2. Улічваючы, што мольныя долі (%) ізатопаў 63Cu і 65Cu ў прыроднай медзі адпаведна роўныя 73% і 27%, знайдзіце лік атамаў нукліду 65Cu ў 1 г прыроднай медзі.Праблемныя пытанні (акадэмічны тып адоранасці) задаюцца па ходзе тлумачэння новага матэрыялу.
1. Чаму галоўнай характарыстыкай элемента з’яўляецца зарад ядра яго атама, а не адносная атамная маса?
2. Чаму адносныя атамныя масы большасці хімічных элементаў не з’яўляюцца цэлалікавымі велічынямі, хоць масавыя лікі іх нуклідаў выражаюцца цэлымі лікамі?
3. Як растлумачыць уяўныя супярэчнасці паміж размяшчэннем у перыядычнай сістэме трох пар хімічных элементаў (Ar і К, Со і Ni, Те і I) і значэннямі іх адноснай атамнай масы?Праблемная сітуацыя (крэатыўны тып адоранасці).
Акрамя звычайнай, найбольш распаўсюджанай у прыродзе “лёгкай” вады, увогуле існуе 8 нерадыеактыўных (стабільных) і 9 радыеактыўных “цяжкіх вод”. Усяго ж агульная колькасць магчымых “вод” фармальна складае 476. Цікава, што некаторыя з гэтых мадыфікацый вады лягчэйшыя, чым звычайная “лёгкая” вада.
У дапамогу педагогам і вучням
Юлія Кашырава праводзіць заняткі ў МГІРА для слухачоў павышэння кваліфікацыі, кіруе гарадской творчай майстэрняй настаўнікаў хіміі, якія працуюць у профільных класах. Аб выкарыстанні тэхналогіі развіццёвага навучання педагог расказвае падчас адкрытых урокаў і майстар-класаў, канферэнцый і семінараў. У суаўтарстве з настаўнікам-метадыстам гімназіі № 14 Мінска Алай Долбік напісала дапаможнік для вучняў “Рэпетытар для старшакласніка. Хімія элементаў”. Падрыхтавала сшытак на друкаванай аснове для 7 класа, які атрымаў грыф Міністэрства адукацыі. Юлія Аляксандраўна з’яўляецца аўтарам-распрацоўшчыкам навучальных модуляў па хіміі для 10—11 класаў і відэаўрокаў, якія размешчаны на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара