Вучні 9 “А” класа сярэдняй школы № 5 Смаргоні наведалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, дзе на галоўнай сцэне быў паказаны спектакль “Паўлінка”.
Першыя пастаноўкі камедыі “Паўлінка” адбыліся ў 1913 годзе ў Вільні і Пецярбургу і карысталіся вялікай папулярнасцю. З 1920 года па сённяшні дзень спектакль ідзе на сцэне тэатра. “Паўлінка” – пастаноўка, якую лічаць візітнай карткай не толькі Купалаўскага тэатра, але і ўсёй беларускай драматургіі. У творы спалучыліся яскравыя народныя характары, цікавы сюжэт, дасканалая мова класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Акцёры цешылі гледачоў сакавітым народным гумарам, песнямі, танцамі. Гучныя апладысменты суправаджалі выступленне артыстаў падчас прагляду.
Вучні атрымалі толькі прыемныя ўражанні, сапраўднае ўзрушэнне, задавальненне ад прагляду спектакля, ад сцэны, дэкарацый, касцюмаў.
У выніку дзевяцікласнікі прыйшлі да высновы: нягледзячы на даступнасць інтэрнэту, распаўсюджанасць тэлебачання і кіно, людзі любяць хадзіць у тэатр. Ім цікава назіраць за дынамікай, таленавітай ігрой акцёраў, жывымі эмоцыямі і непаўторнай тэатральнай атмасферай. Дзеці пераканаліся, што актуальнасць гэтага мастацтва наўрад калі адыдзе ў нябыт, таму што тэатр – гэта мастацтва, якое ўзбагачае духоўны свет.
Таццяна ВАСІЛЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 9 “А” класа
сярэдняй школы № 5 Смаргоні