Ужо некалькі гадоў запар Круцілавіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскага праекта “Мой школьны футбольны клуб”. Установа адукацыі з’яўляецца апорнай у Дзятлаўскім раёне па развіцці футбола. Неаднаразова школу наведвалі прадстаўнікі федэрацыі футбола са спонсарскай дапамогай.
Для нашых навучэнцаў футбол стаў ладам жыцця. Для іх арганізавана аб’яднанне па інтарэсах “Футбол”, якое хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем наведваюць тры разы на тыдзень, факультатыўныя заняткі “Футбол”, ладзяцца турніры па гэтым відзе спорту. Днямі ў рамках выканання мерапрыемстваў праграмы выхаваўчай работы на 2021–2025 гады ва ўстанове прайшоў “Фестываль футбольных навыкаў”, на які былі запрошаны навучэнцы з іншых школ раёна – Жукоўшчынскага дзіцячага сада – базавай школы і Раклевіцкага дзіцячага сада – базавай школы. На працягу мерапрыемства навучэнцы выконвалі практыкаванні з мячом, паказвалі сваю спрыт, хуткасць. Кожны зарабляў балы ў асабістым заліку. Пераможцам сярод хлопчыкаў стаў навучэнец Жукоўшчынскай школы, сярод дзяўчынак – навучэнка Раклевіцкай школы. У камандным заліку перамагла каманда Круцілавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы.
Навучэнцы з карысцю правялі адзін дзень веснавых канікул, атрымалі зарад бадзёрасці, пазітыўны настрой. Усе ўдзельнікі мерапрыемства былі ўзнагароджаны граматамі і салодкімі прызамі.
Наталля ВЕРАМЕЙКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Круцілавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна