Хлопчыкі і дзяўчынкі Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна сталі ўдзельнікамі фальклорна-экалагічнага фестывалю “Саракі”, што прайшоў у аграгарадку Новы Двор.
Сваю каманду нашы вучні назвалі “Бусляняты”. Ды гэта і не дзіўна, бо яны прадстаўлялі ўвазе гледачоў белага бусла – птушку, якая з’яўляецца крылатым сімвалам нашай краіны і афіцыйным сімвалам Беларускай рэспубліканскай арніталагічнай арганізацыі.
Калі школьнікі рыхтаваліся да ўдзелу ў фестывалі, то пагутарылі са сваімі бабулямі, дзядулямі, бацькамі і даведаліся, што здаўна жыхары Поразава і яго наваколля лічылі: каб Пярун не ўдарыў у будынкі, трэба на страху завалачы барану пад буслінае гняздо, або дрэва, на якім бусел ладзіць сваё гняздо, нельга сячы, бо гэта выкліча няшчасце ў гаспадарцы, а ўбачыўшы ўвесну першы раз бусла ў палёце, трэба ў тым самым кірунку трошкі падбегчы, тады цэлы год не будуць балець ногі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі прыгадалі народнае павер’е, якое сцвярджае, што бусел прыносіць у дом удачу, дзяцей і шчасце, акрамя гэтага загадалі прысутным загадкі і расказалі паданне пра бусла.
Паведамілі ўдзельнікі мерапрыемства і пра тое, што буслы – вельмі клапатлівыя бацькі. Больш за месяц бусел і бусліха на чарзе наседжваюць кладку. А калі вылупіцца малое, то абавязкова адзін з бацькоў дзяжурыць у гняздзе.
Напрыканцы свайго выступлення хлопчыкі і дзяўчынкі звярнуліся да прысутных у зале наступнымі словамі: “Давайце будзем клапаціцца пра птушак, не разбураць птушыныя гнёзды, майстраваць кармушкі, шпакоўні і сінічнікі. Няхай “зямля пад белымі крыламі” заўсёды будзе пад нашай надзейнай аховай!”
Марыя БЕЛАВА,
класны кіраўнік 7-га класа
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна