Праграма веснавога лагера “Званочкі дабрыні” Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна складзена такім чынам, каб выхаванцы змаглі раскрыць свой творчы патэнцыял падчас правядзення віктарын і конкурсаў, адправіцца на экскурсіі і ў паходы па гістарычных мясцінах малой радзімы, паклапаціцца пра пахаванні воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, стаць актыўнымі ўдзельнікамі фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў.
Кожны дзень у лагеры быў не падобны на другі. Так, у першы дзень знаёмстваў хлопчыкі і дзяўчынкі падчас інтэрактыўнай гульні “Ты мой сябар, я твой сябар” падаравалі адзно аднаму цудадзейныя “кампліменты дружбы”, якія самі прыдумалі і стварылі. Найбольшую колькасць “кампліментаў” атрымала камандзір атрада Даша Жарко. Дзяўчынка вельмі хвалявалася, каб кожны быў задаволены гульнёй, і сама нястомна малявала і малявала прыгожыя і смешныя, жартаўлівыя і незвычайныя “кампліменты” для малодшых сяброў.
Дзень духоўнасці прайшоў пад дэвізам “Ствараем дабрыню на карысць тым, хто побач”. Выхаванцы лагера наведалі храм Казанскай іконы Божай Маці ў нашай вёсцы. І хоць многія дзеці не першы раз прыйшлі ў царкву, аповед пра гісторыю стварэння храма слухалі з вялікай увагай. Вучням паказалі іконы, якія ахвяравалі вернікі. Цікава было даведацца, што ікона Мікалая Цудатворца з’явілася тут у 1948 годзе, а ікона “Тайная вячэра” прывезена нашымі аднавяскоўцамі з Аўстраліі. Прыцягнула ўвагу дзяцей ікона “Цудадзейнае памнажэнне хлябоў”, створаная былым настаўнікам нашай школы Іванам Клімко і ахвяраваная ў храм у 2010 годзе.
Пасля экскурсіі дзеці працавалі на тэрыторыі, звяртаючы сваю працу на карысць вернікаў. Гэта вельмі важна для дзяцей – не толькі разважаць пра дабрыню і міласэрнасць, але і сваімі рукамі ствараць шчасце для другіх людзей. Удзячнасць вернікаў і радасныя ўсмешкі дзяцей – ці ж гэта не шчасце?
Вясеннія канікулы толькі пачаліся, і яшчэ наперадзе шмат цікавага і карыснага. А самае галоўнае – гэта шчаслівыя дзеці, бы тыя званочкі дабрыні, якая ствараецца самімі дзецьмі на карысць тых, хто вакол іх.
Марына СЯВЕЦ,
дырэктар аздараўленчага лагера “Званочкі дабрыні”
Нягневіцкай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна