Вучні 7 “А” класа сярэдняй школы № 41 Гродна прымаюць актыўны ўдзел у анлайн-конкурсах і марафонах, звязаных з сям’ёй. Вясеннія канікулы не сталі выключэннем. Для школьнікаў быў арганізаваны анлайн-конкурс “Самая дружная сям’я”.
Кожны дзень вучні выконвалі прапанаваныя заданні, уключаючы ў сумесную дзейнасць маму і тату. У першы дзень неабходна было зрабіць фотаздымак усёй сям’і і апісаць яго. “Мая сям’я самая лепшая. Я заўсёды адчуваю бацькоўскую ахову. Сямейная цеплыня ў нашым доме сагравае і дарыць радасць”, – такія шчырыя словы пісалі вучні.
Другі дзень быў звязаны з сумесным адпачынкам, правядзеннем часу разам за цікавым заняткам. Па фотасправаздачы бачна, што бацькі з дзецьмі гулялі ў шахматы, “Уна”, “Джэнгу”, здзейснілі прагулку ў лес, на каток. У трэці дзень вучні гатавалі боршч на абед, піцу, шарлотку, макароны з мясам для сваіх родных.
Чацвёрты дзень парадаваў добрымі ўчынкамі. Дзеці дапамаглі вымыць посуд, прыбрацца ў кватэры, зняць бялізну і скласці яе ў шафу. Пяты дзень выпаў на 1 красавіка – дзень смеху. На фотаздымках вучні прадэманстравалі, як можна весела смяяцца ўсёй сям’ёй.
Вынікі падведзены. Удзельнікі анлайн-конкурсу ўзнагароджаны. І няхай праведзены час разам з сям’ёй заўсёды будзе самым шчаслівым і незабыўным, бо менавіта сям’я з’яўляецца носьбітам культурных асноў, традыцый, звычаяў, крыніцай нараджэння новага чалавека, захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай спадчыннасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця.
Таццяна ЛОЙША,
класны кіраўнік 7 “А” класа
сярэдняй школы № 41 Гродна