Вучні і педагогі Вішнеўскага ясляў-сада – сярэдняй школы наведалі Нясвіжскі замак

- 14:00ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Група навучэнцаў і педагогаў Вішнеўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Смаргонскага раёна наведала адно з самых папулярных турыстычных месцаў нашай краіны – Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, унесены ў 2005 годзе ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы – найбольш папулярны музей Беларусі. У першую чаргу, горад знакаміты менавіта дзякуючы замку, аднак тут ёсць яшчэ цэлы шэраг выбітных і вельмі каштоўных славутасцей, архітэктурных помнікаў, якія выдатна дапаўняюць турыстычную атмасферу горада. Сярод іх касцёл Божага Цела (Фарны касцёл), Замкавая вежа, Слуцкая брама, ратуша, комплекс будынкаў старадаўняга кляштара бенедыкцінак, гандлёвыя рады, дом рамесніка і іншыя. Некаторыя з гэтых будынкаў узведзены некалькі стагоддзяў таму, але захаваліся ў выдатным і арыгінальным стане. Адноўлены і чатыры паркі, кожны з якіх унікальны і непаўторны. Іх асаблівасць заключаецца ў наяўнасці мноства скульптур. Між іншым, у адным з паркаў здымаўся гістарычны фільм “Анастасія Слуцкая”.

Удзельнікі падарожжа агледзелі замак, земляныя валы, унутраны двор-калодзеж у італьянскім стылі, прайшліся па калідорах палаца. Экскурсія пачалася з хола, дзе ўбачылі партрэт Мікалая Радзівіла Чорнага, пры якім у XVI стагоддзі быў узведзены каменны палац-замак. У пакоях і залах прыцягнулі ўвагу разнастайныя высакародныя інтэр’еры. Малая сталовая зала дала ўяўленне, як выглядаў княжацкі стол. У Каміннай зале ўбачылі арыгінальны камін, партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў. У Тэатральнай зале экскурсавод прадэманстравала дзеянне спецыяльных машын для перадачы гуку дажджу, шуму ветру. Тут жа можна было ўбачыць шыкоўны тэатр у мініяцюры. Вялікую цікавасць выклікала Арсенальная зала, дзе захоўваецца зброя XVI–ХІХ стагоддзяў: гарматы, шаблі, стрэльбы, каменныя ядры. Моцнае ўражанне пакінула Зорная зала. У Бальнай зале захавалася арыгінальная ляпніна. Там жа знаходзіцца мэблевы гарнітур ХІХ стагоддзя, прывезены з Францыі. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены калекцыя мінералаў, лялькі ў нацыянальных касцюмах таго часу і сапраўдныя слуцкія паясы.

Экскурсавод падрабязна расказала пра легендарны род Радзівілаў, які пакінуў у гісторыі ВКЛ і Беларусі велізарны след. Як у любым прыстойным старажытным замку, у Нясвіжы маецца ўласны прывід: мясцовыя жыхары называюць яго Чорная Панна, за якой узгадваецца гісторыя Барбары Радзівіл.

Мы засталіся ў захапленні ад экскурсіі, атрымаўшы ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з багатай гісторыяй найпрыгажэйшага Нясвіжскага замка і яго наваколляў, пачуць цікавыя і незвычайныя легенды і паданні.

 

Нэлі ТУМАШ,
настаўнік гісторыі
Вішнеўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий