Выхаваўчае мерапрыемства “Завочнае падарожжа па абласным цэнтры Гродна”

- 10:51ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

З мэтай замацавання і паглыблення ведаў пра родны край, яго знакамітых людзей, выхавання гонару за свой народ з вучнямі Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы Воранаўскага раёна было праведзена выхаваўчае мерапрыемства “Завочнае падарожжа па абласным цэнтры Гродна”.

Само мерапрыемства ўключала чатыры этапы: гісторыя горада, навіны культуры, дасягненні ў спорце, росквіт эканомікі. У якасці інфармацыйнай асновы была выкарыстана мультымедыйная прэзентацыя, а таксама аформлена кніжная выстава. Мерапрыемства пачалося з размінкі “Прадоўжыце беларускую прымаўку”. Усяго было прапанавана восем прымавак. Такая форма падняла цікавасць, уключыла школьнікаў у работу.

На першым гістарычным этапе вучні пазнаёміліся з помнікамі дойлідства: Барысаглебскай царквой, Старым замкам, драўляным касцёлам – Фарай Вітаўта, Кафедральным саборам. На экране мультымедыйнага праектара былі размешчаны ілюстрацыі гэтых старажытных аб’ектаў. Задачай школьнікаў было распазнаць іх і зрабіць па меры магчымасці невялікую гістарычную даведку. Усіх прысутных уразіў той факт, што горад наведвалі такія вядомыя дзеячы свету, як расійскі імператар Пётр I, шведскі кароль Карл ХІІ, брат Напалеона кароль Жэром Банапарт, польскія каралі Стэфан Баторый, Станіслаў Панятоўскі, літоўскі князь Вітаўт. Менавіта ў Гродне князь Вітаўт сфарміраваў полк, які ўдзельнічаў у Грунвальскай бітве і вярнуўся з перамогай.

На другім этапе вядучыя, а гэта два вучні 8-га класа, падзяліліся інфармацыяй па культурнае жыццё абласнога цэнтра. У Гродне 430 гісторыка-культурных аб’ектаў, таму яго невыпадкова называюць горадам-музеем. Тут дзейнічаюць тры ўніверсітэты, вышэйшая духоўная каталіцкая семінарыя, больш за 20 каледжаў і ліцэяў, абласны драматычны тэатр, абласны тэатр лялек, філармонія, найстарэйшы ў Беларусі заапарк. У горадзе ў свой час стварылі найлепшыя літаратурныя творы М.Багдановіч, Э.Пашкевіч (Цётка), В.Быкаў. Дэкламацыя верша М.Багдановіча “Зорка Венера” вучаніцай 7-га класа мела вялікі поспех.

Гродна славіцца сваімі спартыўнымі дасягненнямі і традыцыямі. Настаўнік фізічнай культуры А.А.Міхневіч зрабіў экскурс у гісторыю зараджэння алімпійскага руху на Гродзеншчыне. Уладальнікі 28 алімпійскіх узнагарод нарадзіліся і выраслі на гэтай зямлі. Імёны Вольгі Корбут, Алены Валчэцкай, Аляксандра Курловіча, Яніны Карольчык, Івана Ціхана і іншых чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў ужо ніколі не выкрасліць з гісторыі.

Пра сучасныя дасягненні ў эканоміцы паведаміў настаўнік геаграфіі Віктар Міхалоўскі. Зноў на экране праектара ўзніклі ілюстрацыі заводаў-гігантаў “Азот”, завод карданных валаў, абутковая фабрыка “Нёман”, тытунёвая фабрыка. Прадукцыя гэтых прадпрыемстваў пастаўляецца больш як у 40 краін свету. Затым з вучнямі была праведзена міні-віктарына.

У канцы мерапрыемства ў якасці рэфлексіі школьнікам было прапанавана адказаць на пытанне “Ці хацелі б вы ў бліжэйшы час здзейсніць экскурсію ў горад Гродна?” Адказ быў станоўчым. Рашэннем адміністрацыі ўстановы паездка ў абласны цэнтр запланавана ў другой палове красавіка бягучага года.

 

Віктар МІХАЛОЎСКІ,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
Нацкіх ясляў-сада – сярэдняй школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий