Узаемадзеянне навагрудскіх педагогаў з навуковымі супрацоўнікамі гісторычна-краязнаўчага музея

- 13:15ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Выхаванцы ясляў-сада № 8 Навагрудка знаёмяцца з гісторыяй малой радзімы, яе славутымі мясцінамі і вядомымі людзьмі на занятках праз дыдактычныя гульні, мастацкую літаратуру, прэзентацыі. Адзін з дзейсных сродкаў данясення інфармацыі да дзяцей – цеснае ўзаемадзеянне педагогаў установы адукацыі з навуковымі супрацоўнікамі Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея.

Музей стаў надзейным сябрам і добрым памочнікам для выхаванцаў дзіцячага сада ў вывучэнні гісторыі Навагрудчыны. Супрацоўнікі музея распрацавалі шэраг тэматычных экскурсій для дзяцей дашкольнага ўзросту. Наведваючы экспазіцыі, мы маем магчымасць наглядна пазнаёміцца з архітэктурай старажытнага Навагрудка, разглядзець некалькі макетаў замка розных перыядаў яго існавання, а таксама ўбачыць экспанаты, знойдзеныя археолагамі падчас правядзення раскопак на Замкавай гары, тэрыторыі Малога Замка і тым самым нібы дакрануцца да гісторыі гэтага месца.

Адна з самых цікавых залаў для дзяцей у музеі – “Беларуская хатка”. На экскурсіі “Святло сялянскай хаткі” у зале этнаграфіі выхаванцы імкнуцца не толькі ўбачыць прадметы побыту і прылады працы, але і дакрануцца да іх: пакалыхаць калыску, пасядзець на лаве, памацаць розныя старадаўнія рэчы рукамі. У гэтай зале дзеці таксама даведваюцца пра традыцыі, звычаі і вераванні продкаў. Да важных дзяржаўных свят мы імкнёмся наведаць музейную экспазіцыю, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне на Навагрудчыне.

Добрай традыцыяй стала запрашаць навуковых супрацоўнікаў з музейнымі заняткамі і прэзентацыямі ў дзіцячы садок. Дзецям вельмі падабаецца “Музей у чамадане”. Выхаванцы з нецярпеннем чакаюць знаёмства з новымі цікавымі рэчамі, якія рыхтуюць супрацоўнікі музея і выхавальнікі сада. Яны заўсёды знойдуць, што цікавага расказаць пра зямлю, з якой звязана жыццё і дзейнасць многіх знакамітых людзей Беларусі: Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Яна Булгака, Язэпа Драздовіча і многіх іншых.

 

Людміла ВАЎЧОК,
выхавальнік ясляў-сада № 8 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий