На базе Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “Нi—Tech” (кампетэнцыя “Мабільная робататэхніка”).
Удзельнікам конкурсу неабходна было аўтаматызаваць працэс сартавання дэталей шляхам стварэння аўтаномнага робата, здольнага размясціць дэталь у транспартным аддзяленні ў ячэйку. Для гэтага яны павінны былі сканструяваць робата-пагрузчыка.
Па ўмовах конкурсу, робат-пагрузчык павінен быў прыбыць у працоўную зону, забраць першую дэталь, вызначыць яе тып і даставіць у транспартнае аддзяленне, размясціўшы ў вочка ў адпаведнасці з тыпам, а потым вярнуцца за наступнай дэталлю. Пры гэтым падчас перамяшчэння дэталь не павінна была дакранацца паверхні поля. Па канчатку выканання задання па дастаўцы, робат-пагрузчык павінен быў вярнуцца ў зону “BASE”.
Дзякуючы вопытнаму педагогу дадатковай адукацыі Жанне Рышкель, якая рыхтавала нашых хлапчукоў да конкурсу, яны справіліся з заданнем і годна выступілі. Арсеній Навасад і Мікіта Кавалевіч, навучэнцы Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, занялі другое месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “Нi-Tech”.
Віншуем хлапчукоў з перамогай! Жадаем далейшых поспехаў у галіне робататэхнікі і навукова-тэхнічнай творчасці!
Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі