Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Маляванка” Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўзнавілі традыцыі роспісу па тканіне.
На адным з заняткаў аб’яднання навучэнцы даведаліся пра беларускую мастачку-прымітывістку Алену Кіш, аўтарку серыі ўнікальных дываноў у жанры наіўнага жывапісу з фантастычнымі сюжэтамі, поўнымі алегорый. Сёння імя мастачкі з’яўляецца сімвалам беларускай нацыянальнай культуры ХХ стагоддзя.
Навучэнцы распачалі вывучаць творчасць мастачкі, а падчас гэтага даследавання было прынята рашэнне стварыць свой “маляваны дыван”, а таксама вырабы са сваім бачаннем наіўнага стылю. Па ўзоры папулярных дамоў мод, якія прысвячаюць свае калекцыі мастакам і іншым творчым людзям, навучэнцы пачалі пераасэнсаванне і мастацкую рэканструкцыю элементаў традыцыйнай маляванкі ў сучасным адзенні і аксесуарах; паставілі задачу зрабіць традыцыйныя сюжэты больш папулярнымі і запатрабаванымі сярод дзяцей і падлеткаў.
Аўтарскія прынты на адзенні і аксесуарах – гэта стылізацыя маляванак мастачкі Алены Кіш. Маляванкі сталі пачаткам аўтарскай калекцыі адзення, у якой знайшлося месца і кветкавым гірляндам, і знакамітым ільвам.
Праца па даследаванні творчасці Алены Кіш, вывучэнне традыцыйнай беларускай маляванкі, знаёмства з гісторыяй роспісу па тканіне вылілася ў праект “Нашчадкі традыцый”, які на абласным этапе ў Гродзенскай вобласці атрымаў другое месца ў намінацыі “Народная дэкаратыўна-прыкладная творчасць: традыцыі і сучаснасць”.
Такім чынам, навучэнцам аб’яднання атрымалася ўзнавіць традыцыі роспісу па тканіне, надзяліўшы іх сімволікай продкаў, якая надала рабоце сэнс, эстэтычны выгляд і непаўторнасць.
Аляксандра ЗАЛЕСКАЯ,
загадчык аддзела
выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці
Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі