У рамках пілотнага праекта па арганізацыі і правядзенні адукацыйных экскурсій вучні ХІ класа Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна наведалі музей-сядзібу М.К.Агінскага.
Вандроўка атрымалася надзвычай цікавай. Наш шлях пралягаў праз Гальшаны, Крэва. Мы не маглі іх мінуць і зрабілі там кароткія прыпынкі. Але нашай мэтай была вёска Залессе – надзвычай цікавае і ўнікальнае месца – адна са сталіц славутага роду Агінскіх. А самым знакамітым прадстаўніком гэтага роду быў Міхал Агінскі – кампазітар і грамадскі дзеяч. Менавіта ў гэтым месцы быў напісаны і ўпершыню прагучаў знакаміты паланез ля мінор “Развітанне з Радзімай”.
І вось мы ў Залессі. Экскурсію па музеі нам правялі “дзеці” Агінскага і яго “сакратар”. Яна пачыналася ў музычным салоне. Вучні і раней чулі знакаміты паланез, але тут у, сядзібе, ён гучаў неяк па-новаму: пранізліва і душэўна. Бальная зала, невялікая, вельмі ўтульная. Заплюшчыўшы вочы, лёгка ўявіць прывабных паненак і ганарлівых кавалераў, танцуючых мазурку або менуэт.
Далей мы папалі ў кабінет Міхала Клеафаса Агінскага. У рэстаўратараў атрымалася перадаць атмасферу той эпохі, характар уладальніка. Міхал Клеафас Агінскі пражыў у Залессі дваццаць гадоў. Займаўся палітыкай, але, галоўнае, ствараў музычныя творы і праводзіў літаратурна-музычныя вечарыны. Нездарма Залессе называлі “Паўночнымі Афінамі”. Тут былі створаны фартэпіянныя п’есы, мазуркі, маршы, рамансы. Менавіта ў Залессі была створана опера “Зеліда і Валькур, ці Банапарт у Каіры”. Агінскі тут пісаў мемуары, а таксама гістарычны трактат “Лісты пра музыку”. Ён шмат пісаў. Пра гэта вучням вельмі эмацыянальна і цікава расказаў супрацоўнік музея, які выступаў у якасці Леанарда Ходзькі, “сакратара” Агінскага. Більярдная, сталовая і шэраг іншых памяшканняў нагадалі нам пра жыццё былых уладальнікаў сядзібы.
Побач з сядзібай ёсць парк. З часоў Агінскага там захаваліся некалькі альтанак у стылі класіцызму. Па ініцыятыве Міхала Клеафаса Агінскага ў парку былі ўстаноўлены два мемарыяльныя валуны. Іх можна бачыць і сёння. Адзін з іх – гэта напамін пра паўстанцаў 1794 года. Ён мае надпіс “Ценям Касцюшкі”. Другі прысвечаны першаму гувернёру Міхала Агінскага спадару Ралею. Мы прайшлі па парку, наведалі капліцу. Здавалася, тут і зараз чуецца музыка славутага класіка.
У сваіх справаздачах пра экскурсію вучні адзначалі, што дзякуючы ёй яны значна больш даведаліся не толькі пра род Агінскіх, але і пра беларускую гісторыю ў цэлым. Вядома, усе гэтыя звесткі можна знайсці ў падручніку, пачуць на ўроках ад настаўніка. Але нішто не можа замяніць той атмасферы, таго духу гісторыі, якую вучні ўбачылі і адчулі падчас экскурсіі.
Алена БАРЫСЕВІЧ,
настаўнік гісторыі
Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна