Абласная інтэлектуальна-забаўляльная гульня па астраноміі “Cosmo battles – 2022” у трэці раз прайшла на Віцебшчыне.
12 красавіка штогод святкуюць Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас і Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Прысвечанае знамянальнай даце адметнае мерапрыемства для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі рэгіёна зноў прымаў наш абласны палац.
Гульня складалася з сямі раундаў, якія ўключалі ў сябе тэкставыя і музычныя пытанні, пытанні з карцінкамі, пытанні пра “гарачыя” навіны. У складзе 13 каманд у спаборніцтва ўключыліся юныя аматары астраноміі і касманаўтыкі з Барані, Бешанковічаў, Віцебска, Гарадка, Глыбокага, Лепеля, Наваполацка, Полацка, Чашнікаў, аграгарадкоў Ноўка і Кіраўскі Віцебскага раёна.
Усе ўдзельнікі праявілі высокую актыўнасць, засяроджанасць, волю да перамогі і грунтоўныя веды. Рашэннем журы Кубкам пераможцы і дыпломам I ступені ўзнагароджана каманда сярэдняй школы № 1 Полацка. У тройку лепшых па выніках гульні (дыпломы ІІ і ІІІ ступеней адпаведна) увайшлі таксама каманды Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, гімназіі № 1 Наваполацка.
Дар’я ПАШКЕВІЧ,
метадыст аддзела тэхнічнай творчасці
Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі