Ужо трэці год дапаможная школа Магілёва прымае ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання талерантнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу праз арганізацыю прадуктыўнага ўзаемадзеяння з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.
Педагогі і кіраўніцтва школы ўспрынялі гэты праект як перспектыву паляпшэння якасці адукацыі і выбару новых напрамкаў для творчай і даследчай дзейнасці. У настаўнікаў з’явілася цудоўная магчымасць накіраваць выхаванне навучэнцаў па шляху выпрацоўкі ў іх якасцей сапраўдных грамадзян Беларусі, якія глыбока паважаюць дасягненні нацыянальнай культуры, свядома выбіраюць любоў да Айчыны, як неабходную ўмову жыцця.
Рэалізацыя праекта ажыццяўлялася праз арганізацыю сумеснай гуртковай дзейнасці, фарміраванне талерантнага асяроддзя праз тэатралізаваную дзейнасць, валанцёрскі рух, экскурсіі, павышэнне кампетэнтнасці педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, узаемадзеянне з бацькамі норматыповых дзяцей. Па ўсіх кірунках за час працы праекта можна назіраць станоўчыя вынікі, але асабліва хацелася б спыніцца на тэатралізаванай дзейнасці.
Менавіта праз тэатралізаваную дзейнасць было вырашана падзяліцца паспяховым вопытам работы з дзецьмі з асаблівасцямі па пытаннях, звязаных з іх сацыялізацыяй і інтэграцыяй у грамадства, фарміраваннем талерантнага стаўлення да такіх рабят. Бо такім чынам магчыма даць уяўленне пра асаблівасці мовы, пра жыццё, побыт, традыцыі, гісторыю, музыку, святы, абрады – адным словам, пра тое, што ўключае ў сябе паняцце “менталітэт”. Вучні пагружаюцца ў беларускамоўнае асяроддзе. У тэатры адбываецца навучанне ў дзеянні, якое прыносіць дзецям задавальненне, развівае, матывуе. Работа над спектаклямі актывізуе, узбагачае слоўнікавы запас, садзейнічае эстэтычнаму выхаванню, а сумесны выбар рэпертуару, адпрацоўка тэкстаў і песень умацоўваюць міжасобасныя адносіны, аб’ядноўваюць норматыповых і асаблівых дзяцей.
У межах рэалізацыі праекта наша дапаможная школа супрацоўнічае з гімназіяй № 3 і сярэдняй школай № 4 Магілёва. Адным з першых сумесных мерапрыемстваў інавацыйнага праекта стала тэатралізаванае прадстаўленне “Лясная госця”, асноўнымі мэтамі якога былі: фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў і іх умення чытаць выразна, свядома, па ролях, узбагачэнне слоўнікавага запасу, а таксама арганізацыя ўзаемадзеяння вучняў дапаможнай школы з норматыповымі дзецьмі.
Зараз у сучаснай моладзі ўсё большую папулярнасць набываюць флэшмобы. І мы таксама не засталіся ў баку. У рамках рэалізацыі праекта прайшоў флэшмоб “Мова праз вершы”. Пачалося ўсё з таго, што вучні дапаможнай школы, сумесна са сваімі аднагодкамі, чыталі вершы айчынных паэтаў пра родную мову, слухалі выказванні знакамітых беларускіх пісьменнікаў – Я.Купалы, Я.Коласа, А.Гаруна. Напрыканцы прадстаўлення адбыўся флэшмоб. Вучаніца чытала верш П.Панчанкі “Беларуская мова”. Разам са словамі, якія яна называла, удзельнікі паднімалі лісткі, на якіх гэтыя словы былі надрукаваны. Калі верш скончыўся, атрымалася цудоўная карціна! Гледачы змаглі ўбачыць і самастойна прачытаць, якая яна – беларуская мова.
Прамежкавай работай у рамках інавацыйнага праекта стала пастаноўка фальклорнай кампазіцыі “Калядкі”. Сучасныя падлеткі ўсё менш і менш ведаюць пра свае карані, маюць смутнае ўяўленне пра святы, абрады і традыцыі беларусаў. У сувязі з гэтым было вырашана правесці свята, тэкст якога быў напісаны на аснове сапраўдных народных абрадаў. Мэтай пастаноўкі было знаёмства дзяцей са старадаўнімі славянскiмi традыцыямі, выхаванне пачуцця калектывізму, дружбы, радасці зносін, а таксама абуджэнне цікавасці да роднай мовы, культуры беларускага народа, яго гісторыі.
Выніковай работай у рамках інавацыйнага праекта стала пастаноўка байкі К.Крапівы “Дзед і Баба”. Спектакль атрымаўся вясёлым, шчырым і музычным, а галоўнае, выклікаў у дзяцей жаданне сур’ёзна і з любоўю вывучаць беларускую мову і нацыянальную культуру.
Наогул, удзельнікі тэатральнага калектыву ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамках інавацыйнага праекта. Яны чытаюць вершы беларускіх паэтаў у Дзень беларускай пісьменнасці, працуюць зазываламі на “Кірмашы” у Міжнародны дзень роднай мовы, спаборнічаюць у конкурсах і гульнях на тэматычных дэкадах.
За час падрыхтоўкі і ажыццяўлення праекта дзеці пасябравалі паміж сабой, сталі больш адказнымі, некаторыя з іх раскрыліся зусім з іншага боку. Зніклі псіхaлaгічныя бaр’еры пaміж выхаванцамі дапаможнай школы і вучнямі з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Вучaнь з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які пабываў на сцэне і выступіў перад гледачамі, ужо і ў жыцці не будзе пасаваць перад зносінамі з малазнаёмымі людзьмі. А ў норматыповых вучняў у працэсе зносін фарміруюцца такія якасці, як дабрыня, пaчуццё неaбыякавасці, уменне наладжваць кантакт з асаблівымі дзецьмі.
Таксама ўдзел у праекце паспрыяў фарміраванню ў навучэнцаў навыкаў вуснага маўлення на беларускай мове, светапогляднай пазіцыі, якая адлюстроўвае глыбокі інтарэс да традыцый нацыянальнай культуры, і здольнасці да творчага асэнсавання і ўвасаблення на сцэне стваральных ідэй і агульначалавечых каштоўнасцей. Такая форма работы, як удзел у тэатральных пастаноўках, забяспечвае прамое дачыненне да народнай культуры, выклікае адчуванне прыналежнасці да традыцый свайго народа. А яшчэ – такія сумeсныя мeрaпрыемствы дaпамагаюць ствараць талерантнае асяроддзе ў адукацыйнай прасторы навучальных устаноў.
Алена БАБІЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы
дапаможнай школы Магілёва