Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт наведалі старшакласнікі калінкавіцкай сярэдняй школы № 1

- 9:41ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

Навучэнцы 9–11-х класаў сярэдняй школы № 1 Калінкавіч разам з настаўнікамі на чале з дырэктарам школы І.М.Паўлавай наведалі Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

Фота на памяць – і мы ў сценах вышэйшай навучальнай установы. Дзень адчыненых дзвярэй правёў для нас некалі выпускнік нашай школы, а зараз прарэктар па вучэбнай рабоце і вытворчасці, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт М.А.Вараб’ёў. А трапілі мы сюды невыпадкова. У сярэдняй школе № 1 Калінкавіч з 2019 года адкрыты аграрныя класы прафесійнай накіраванасці для навучэнцаў 10–11-х класаў.

Спачатку мы трапілі ў музей універсітэта. Кіраўнік музея пазнаёміла нас з гісторыяй установы ад першых дзён існавання і да сучаснасці. Цікава было паслухаць пра дасягненні гэтай установы, знакамітых людзей, якія выйшлі з гэтых сцен і дасягнулі значных поспехаў у жыцці. Кожны экспанат захоўвае ў сабе нейкую цікавую гісторыю.

Душа ўніверсітэта – бібліятэка з вялікай утульнай сучаснай чытальнай залай і ветлівымі бібліятэкарамі, якія заўсёды прыйдуць на дапамогу ў выбары адпаведнай літаратуры.

Потым мы ў вучэбных кабінетах. Нават трапілі на заняткі, паглядзелі, як займаюцца будучыя механікі. А яшчэ нам прадэманстравалі сучасную сельскагаспадарчую тэхніку. Пабывалі на суперсучасным спартыўным комплексе.

Выдатныя ўмовы жыцця створаны для студэнтаў у інтэрнаце. Светлыя ўтульныя пакоі з усім неабходным для жыцця і вучобы, чытальная зала, трэнажорны комплекс – усё тут ёсць. Заўважым, што БДАТУ дае пражыванне ў інтэрнаце на ўвесь час навучання ў гэтай установе. Пасля смачнага абеду ва ўніверсітэцкай сталоўцы мы наведалі Мінскі парнікова-цяплічны камбінат, дзе нас пазнаёмілі з працэсам вырошчвання раслін ад насення да гатовага прадукту з выкарыстаннем галандскага і скандынаўскага метадаў. Дарэчы, гэты камбінат забяспечвае нашу краіну зелянінай ва ўсе поры года.

Як вынік гэтай экскурсіі – наладжана супрацоўніцтва паміж нашай школай і Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэтам.

Завяршыўся наш дзень у сталіцы праглядам пастаноўкі “Рамэа і Джульета” у Нацыянальным тэатры оперы і балета.  

 

Алена ЗАХАРЭВІЧ,
класны кіраўнік 9 “В” класа
сярэдняй школы № 1 Калінкавіч

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий