На працягу тыдня ў школьных бібліятэках Мінскай вобласці прайшлі займальныя мерапрыемствы — святы, сустрэчы, конкурсы, акцыі, накіраваныя на папулярызацыю чытання сярод дзяцей.
У сярэдняй школе № 18 Барысава свята дзіцячай кнігі, якое праводзіць школьны бібліятэкар Юлія Старавойтава, не першы год радуе дзяцей цікавымі сустрэчамі і знаёмствамі. Сустрэчу з дзіцячым пісьменнікам Сяргеем Клімковічам пяцікласнікі чакалі з нецярпеннем, бо кожны яго візіт поўны сюрпрызаў, нечаканасцей і магіі.
— Для дзяцей гэта магчымасць не проста пагутарыць з пісьменнікам, задаць яму пытанні, але і паглыбіцца ў атмасферу сапраўднага чараўніцтва, — гаворыць Юлія Старавойтава, прызнаная, дарэчы, лепшым бібліятэкарам Барысаўскага раёна. — Яго кнігі і экстравагантны вобраз, нязменныя атрыбуты якога цыліндр і кій, прыводзяць хлопчыкаў і дзяўчынак у захапленне, а фокусы, ілюзіі, загадкі ў выкананні пісьменніка напаўняюць душэўную атмасферу сустрэч таямнічасцю і загадкавасцю. Такія сустрэчы дапамагаюць дзецям па-новаму паглядзець на літаратуру. У час камп’ютарных тэхналогій і мноства сацыяльных інтэрнэт-медыя дзецям часта не да чытання. Але жывыя гутаркі і сустрэчы дапамагаюць адрадзіць гэтую цікавасць. Магчымасць пазнаёміцца з аўтарам, пасябраваць з ім прыцягвае дзяцей. Для многіх гэта той першы крок, які неўзабаве падахвочвае паглыбіцца ў займальны свет чытання.
На сустрэчу з пісьменнікам, якая ўжо стала добрай традыцыяй, сабралася каля чатырох дзясяткаў вучняў. Юлія Старавойтава, рыхтуючы дзяцей да незвычайнага мерапрыемства, расказала пра госця і яго творчасць, падрыхтавала выставу яго кніг, прапанавала прачытаць некаторыя з іх.
Сяргей Уладзіміравіч Клімковіч — аўтар шматлікіх дзіцячых кніг, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі у намінацыі “Лепшы дэбют” (2016 г.), член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі.
Знаёмства з пісьменнікам пачалося з таго, што навучэнцы павінны былі адгадаць, якія з дзесяці фактаў пра жыццё і творчасць, агучаныя ўголас, праўда, а якія не. Пасля школьнікі засыпалі госця пытаннямі. Іх цікавіла, якая ў яго любімая кніга, колькі часу ідзе на напісанне літаратурнага твора, як ствараюцца ілюстрацыі, сюжэты, узнікаюць вобразы герояў. Пыталіся юныя чытачы і пра дзяцінства, дзіцячыя захапленні, мары.
Расказваючы пра сябе і адказваючы на пытанні, пісьменнік не толькі ўдзяліў увагу кожнаму, але і падзяліўся з дзецьмі часцінкай чараўніцтва. У яго арсенале нямала фокусаў, якія прывялі хлопчыкаў і дзяўчынак у захапленне. А ў канцы сустрэчы кожны маленькі чытач атрымаў аўтограф і невялікі прэзент на памяць.
На думку Юліі Старавойтавай, сустрэчы з пісьменнікамі — адзін з самых эфектыўных спосабаў пазнаёміць маленькіх чытачоў з сучаснай літаратурай і тымі, хто яе стварае. Акрамя гэтага, лепшы бібліятэкар Барысаўскага раёна заснавала блог раённай суполкі школьных бібліятэкараў #БібліоPlaneta. Такія суполкі — новая форма арганізацыі прафесійнай дзейнасці ў сетцы, якая адкрывае спецыялістам новыя магчымасці для адукацыі і самаадукацыі, знімае часавыя і прасторавыя абмежаванні ўзаемадзеяння адно з адным, дазваляе павысіць кваліфікацыю, абмяняцца вопытам, знайсці аднадумцаў. Бібліятэкары разам працуюць над праектамі, завабліваючы юных чытачоў узяць у рукі кнігу і прачытаць яе.
У Мінскай вобласці ўсе творчыя і прэзентацыйныя матэрыялы бібліятэчных работнікаў публікуюцца ў групах сацыяльных сетак. Самая маштабная з іх — “Супольнасць крэатыўных бібліятэкараў Мінскай вобласці” — на платформе Telegram
Узаемадзеянне ў сетцы дае магчымасць супрацоўнікам бібліятэк удзельнічаць у конкурсах, садзейнічае пашырэнню кругагляду і кола зносін, натхняе на прымяненне новых форм работы, сярод якіх літаратурныя гадзіны, літаратурны касплей, майстар-класы, сеткавыя акцыі, бібліятэчны флэш-моб, агляды кніг і перыядычных выданняў, акцыі па папулярызацыі і падтрымцы сямейнага чытання.
— У Мінскай вобласці ўсе творчыя і прэзентацыйныя матэрыялы бібліятэчных работнікаў публікуюцца ў групах сацыяльных сетак. Самая маштабная з іх — “Супольнасць крэатыўных бібліятэкараў Мінскай вобласці” — на платформе Telegram, — адзначае начальнік аддзела інфармацыйнага забеспячэння бібліятэчнай работы і падрыхтоўкі медыярэсурсаў Мінскага абласнога істытута развіцця адукацыі Алёна Белая. — Партфоліа ўсіх сацыяльна-культурных, інфармацыйна-асветніцкіх, забаўляльных мерапрыемстваў, акцый і бібліятэчных праектаў Міншчыны можна знайсці ў блогу Мінскага абласнога аддзялення секцыі бібліятэкараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларускага педагагічнанага таварыства “Гарадок імя Чэхава”, мадэратарам якога выступае Наталля Аметава, загадчык бібліятэкі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы. Зараз там праходзіць сеткавая акцыя, прысвечаная 140-годдзю Карнея Чукоўскага, а ў красавіку блог стане рэспубліканскай пляцоўкай па арганізацыі і правядзенні маштабнай сеткавай акцыі “Гісторыя Вялікай Перамогі ў лёсе маёй сям’і. Без тэрміну даўнасці”.
Марына КУНЯЎСКАЯ