Адкрыцці робяць дылетанты

- 13:53В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Усё яшчэ думаеце, што навука — доля выбраных?.. А вось і не! Паспрабаваць свае сілы ў ёй можа любы, былі б жаданне і зацікаўленасць. Прычым часта адкрыцці робяць якраз-такі дылетанты, перакананы старшыня савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксей Ермакоў.

Дарадцы маладых вучоных

— Аляксей Ігаравіч, што такое савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі і чым ён адрозніваецца ад аналагічных універсітэцкіх саветаў?

— Міністэрскі савет маладых вучоных — гэта кансультатыўна-дарадчы орган, які ўно­сіць рэкамендацыі і прапановы па ўдасканаленні дзяржаўнай падтрымкі навуковай сферы. Наш савет складаецца з прадстаўнікоў усіх УВА ведамства. Калі саветы маладых вучоных пры ўніверсітэтах узнімаюць пэўныя пытанні на мясцовым узроўні і арганізоўваюць студэнцкія канферэнцыі і сустрэчы, то савет пры Міністэрстве адукацыі абмяркоўвае вялікую колькасць заканадаўчых ініцыятыў. Так, мы актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні найважнейшых дзяржаўных дакументаў: абноўленага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, правіл прыёму ва УВА, канцэпцыі развіцця айчыннай сістэмы адукацыі да 2030 года і г.д.

Трэба моладзь арыентаваць на тое, што навукай займацца цікава і нават прыбыткова, а прыходзіць ва ўніверсітэт — ганарова.

— Па якіх напрамках вядзецца работа вашым саветам маладых вучоных?

— Першы — прыцягненне моладзі ў навуку і стварэнне іміджу маладога вучонага. Другі — аказанне дапамогі аспірантам пры абароне кандыдацкіх работ.

— Чаго дасягнуў ваш савет за два гады дзейнасці? 

— Наладзіў адкрыты дыялог са студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі, іх навуковымі кіраўнікамі, у тым ліку з кіраўніцтвам універсітэтаў па асноўных праблемах. Адна з іх — кадравая: сярэдні ўзрост выкладчыкаў вышэйшай адукацыі дастаткова высокі. У асобных УВА большасці прафесараў каля 70 гадоў, а дацэнтам — больш за 60. Моладзь да 30 гадоў складае ўсяго толькі каля 25%. Таму асноўная задача саветаў маладых вучоных усіх узроўняў — прыцягненне моладзі ў навуку і адукацыю, садзейнічанне яе творчаму росту і правядзенню даследаванняў. І хоць многім не хочацца гаварыць пра гэта, аднак, каб вырашыць яе, недастаткова жадання аднаго ўніверсітэта альбо міністэрства. Зараз гэтае пытанне пачалі адкрыта абмяркоўваць і шукаць падыходы для яго вырашэння. 

— Атрымліваецца, што асноўная задача савета — павысіць статус маладога вучонага ў навуковай супольнасці. А ці ўдаецца зацікавіць навукай першакурснікаў?

— На 1 курсе студэнты праходзяць абавязковую дысцыпліну кшталту “Уводзіны ў педагагічную альбо інжынерную адукацыю”. На ёй загадчык кафедры знаё­міць іх з праблематыкай сваёй галіны. Я, напрыклад, працую загадчыкам кафедры “Гандлёвае і рэкламнае абсталяванне” факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ. На гэтым факультэце прыблізна 90% студэнтаў-платнікаў. І каб змен­шыць кошт аплаты, штогод праводзіцца камісія па налічэнні скідак за навучанне. Каб атры­маць гэтую скідку, а яна часам даходзіць да 50%, платніку неабходна не толькі актыўна ўдзельнічаць у жыцці факультэта, але і займацца навуковай дзейнасцю, напісаць 1—2 артыкулы і выступіць з імі на канферэнцыі.

На ўсіх кафедрах ёсць навуковыя кіраўнікі. Да кожнага можна падысці і абмеркаваць тэму, якая цікавіць. Таксама можна паў­дзельнічаць у конкурсе грантаў Міністэрства адукацыі. Наша ведамства выдзяляе на аднаго студэнта-пераможцу 3—5 тысяч руб­лёў. У верасні студэнты разам з навуковым кіраўніком пішуць заяўку з апісаннем таго, на што патрацяць грашовыя сродкі. У снежні падводзяць вынікі конкурсу, і калі студэнты выйгралі, то іх афармляюць як навуковых супрацоўнікаў на 0,25 альбо 0,5 стаўкі і заво­дзяць працоўныя кніжкі. Такім чынам, яны сапраўды ўжо на 1—2 курсе могуць пачаць займацца навуковай дзейнасцю і пры гэтым атрымліваць заробак. Калі ж мы гаворым пра актыўных і ініцыятыўных студэнтаў бюджэтнай формы навучання, то яны могуць прэтэнда­ваць на павышаныя стыпендыі, у тым ліку і на прэзідэнцкія.

Да таго ж існуюць дагаворы з прадпрыемствамі і дзяржаўныя праграмы навуковых даследаванняў, у якіх удзельнічаюць нашы сур’ёзныя вучоныя. Яны заўсёды стараюцца далучаць да такой дзейнасці студэнтаў, каб яны пасля былі зацікаўлены пайсці далей у магістратуру і аспірантуру і, магчыма, застацца ва ўніверсітэце.

Урокі навукі

— Каб стаць вучоным, дастаткова прыйсці да навуковага кіраўніка?

— Так. Напрыклад, на факультэце БНТУ, дзе я выкладаю, мы зай­маемся 3D-друкам і даследуем механічныя ўласцівасці тых матэрыялаў, якія можам надрукаваць на 3D-прынтары. І калі першакурснік прыходзіць да мяне са словамі: “Я хацеў бы паспраба­ваць…”, то я скіроўваю яго да студэнтаў старшых курсаў і прапаноўваю надрукаваць пару ўзораў. А затым на канферэнцыі расказаць, з чым ён сутыкнуўся, якія праблемы і цяжкасці ўзніклі і г.д., — карацей, правесці навукова-практычную работу.

Аднак навуковая праца — усё ж такі калектыўная. Неабходна, каб старэйшыя вучылі малодшых, а тыя ў сваю чаргу пачаткоўцаў. У кожнага навуковага кіраўніка заўсёды ёсць задачы, якія можна даручыць студэнту альбо групе студэнтаў і паглядзець, што ў іх атрымаецца.

У навуковай сферы кар’ерны рост, як і павелічэнне заробку, залежыць толькі ад цябе.

Самае галоўнае ў навуцы — гэта навуковая школа, у якую абавязкова павінны ўваходзіць студэнты. Усім вядома, адкрыцці заўсёды робяць дылетанты, бо яны не ведаюць, як трэба рабіць і што так нельга рабіць, і ідуць сваім шляхам. Вельмі шанцуе, калі сустракаеш такіх зацікаўленых студэнтаў. Праўда, звычайна ў групе іх усяго толькі 4—5 чалавек. Са студэнтамі трэба працаваць паслядоўна і толькі з тымі, каму цікава і ў каго сапраўды ёсць жаданне.

— А ці могуць студэнцкія навуковыя распрацоўкі раўняцца з праектамі сталых вучоных?

— Студэнцкая распрацоўка — гэта заўсёды частка вялікага альбо першая ступень новага праекта. У вучонага Міністэрства адукацыі 70% працоўнага часу зай­мае выкладчыцкая дзейнасць і толькі 30% — навуковая. Але пры гэтым у нашых вучоных ёсць распрацоўкі, якія па сваім узроўні не ўступаюць, напрыклад, праектам НАН. Асабліва ярка гэта праяўляецца ў гуманітарных сферах, дзе не трэба вялікіх фінансаў. У многіх УВА функцыянуюць свае навуковыя падраздзяленні, напрыклад, у БНТУ працуе Навукова-даследчы політэхнічны інстытут, дзе да распрацовак актыўна далучаюцца студэнты.

— Мы можам гаварыць, што ў айчынных УВА дастаткова абсталявання і ўмоў для развіцця навукі?

— Большасць УВА фінансуецца з бюджэту, яны набываюць унікальнае абсталяванне, якім карыстаюцца толькі ў адным універсітэце, пры гэтым не вельмі часта. Мы пакуль не змаглі наладзіць міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва па гэтым пытанні. У перспектыве вельмі хацелася б, каб УВА стварылі базу навуковага абсталявання і каб на сайце кожнай установы была размешчана інфармацыя, у каго што ёсць, як яно працуе і на якіх умовах можна пасупрацоўнічаць.

— Якая падтрымка маладым вучоным аказваецца на ўзроўні краіны?

— Студэнты могуць прэтэндаваць на гранты Міністэрства адукацыі і на прэзідэнцкія стыпендыі. Калі моладзь дасягае значных вынікаў, то можа паўдзельнічаць у Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. Яго лаўрэаты ўключаюцца ў банк таленавітай моладзі і атрымліваюць пасведчанне, якое дае льготы, напрыклад, пры будаўніцтве жылля. Да таго ж у кожным універсітэце існуе свая праграма заахвочванняў маладых спецыялістаў: надбаўкі, прадастаўленне арэнднага жылля, крэдыты на будаўніцтва на выгадных умовах. Акрамя таго, тэхнічныя спецыялісты могуць падпрацоўваць на розных прадпрыемствах. Таму атрымліваецца, што кожны сам вырашае, які бу­дзе мець заробак. У навуковай сферы кар’ерны рост, як і павелічэнне заробку, залежыць толькі ад цябе.

Аляксей Ігаравіч ЕРМАКОЎ — кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, загадчык кафедры “Гандлёвае і рэкламнае абсталяванне” факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ. У навуцы з 2008 года. Асноўныя напрамкі дзейнасці: распрацоўка высокаэфектыўнага зернеачышчальнага абсталявання, абсталявання гандлёвых і харчовых прадпрыемстваў. Апошнім часам займаецца адытыўнымі тэхналогіямі і 3D-друкам, а таксама вывучае магчымасці іх прымянення ў харчовай прамысловасці. Аўтар больш за 100 артыкулаў і 12 патэнтаў.

— Для маладых вучоных праводзяцца спецыялізаваныя мерапрыемствы?

— Штогод у БДУ арганізоўваецца “Тыдзень аспіранта”, у пед­універсітэце — дыялогавыя пляцоўкі “Маладыя вучоныя БДПУ”, у БДУІР і БНТУ — конкурсы “Лепшы малады вучоны”. Увогуле, у кожным універсітэце створаны свой савет маладых вучоных, які арганізоўвае работу маладых даследчыкаў, аб’ядноўвае актыўную і таленавітую навуковую моладзь, выяўляе праблемы, звязаныя з навуковымі даследаваннямі, працай, матэрыяльным становішчам, а затым разам з кіраўніцтвам УВА вырашае іх.

У найбліжэйшы час, 19—20 мая, наш савет маладых вучоных плануе правесці вялікі форум у Віцебску. На ім маладыя вучоныя змогуць пазнаёміцца і прэзентаваць свае навуковыя распрацоўкі. У чэрвені таксама збіраемся правесці форум маладых вучоных на тэму гістарычнай памяці ў БДПУ імя Максіма Танка. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць умацаванню сувязі паміж універсітэтамі і фарміраванню навуковага пула.

Акрамя таго, усе маладыя вучоныя актыўна сустракаюцца са школьнікамі ў межах “ШАГа” і расказваюць пра сістэму адукацыі ў цэлым і навуковыя распрацоўкі ў прыватнасці, а заадно сваім уласным прыкладам матывуюць хлопчыкаў і дзяўчынак ісці ў навуку.

— Аляксей Ігаравіч, як асабіста вы ўсё паспяваеце — і савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі ўзначальваць, і выкладаць ва ўніверсітэце, і навукай займацца, ды яшчэ і з прадпрыемствамі супрацоўнічаць?

— Калі я вучыўся ў аспірантуры, то яна знаходзілася ў адным горадзе, а працаваў я ў іншым. Вось зараз я на такое б не пага­дзіўся (усміхаецца), а тады, калі быў зусім маладым, жаданне давесці да канца пачатую справу пераважала. І ў мяне ўсё атрымалася — я абараніў дысертацыю. Вельмі шкада, калі бачыш, як здольныя людзі раптам спыняюцца і апускаюць рукі, хоць ім застаўся апошні крок. Вось у такой сітуацыі наш савет таксама імкнецца дапамагчы.

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з асабістага архіва Аляксея Ермакова

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий