“Пуцявінамі беларускага пісьменства” – пад такой назвай у Год гістарычнай памяці філалагічны факультэт БДУ і рэдакцыя часопіса “Роднае слова” арганізавалі конкурс эсэ для вучняў старшых класаў.
На конкурс было даслана 376 работ. Як зазначыла галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран, па работах можна было вывучыць усю геаграфію Беларусі. Гэта сведчыць пра тое, што работы былі дасланы з розных куткоў нашай краіны.
15 красавіка 2022 года на філалагічным факультэце БДУ адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу. Аўтарытэтная камісія з выкладчыкаў кафедры беларускага мовазнаўства з 376 работ вызначыла лепшымі амаль 40, палова з якіх адзначаны дыпломамі. У гэты лік увайшла і работа Данііла Карасевіча “На сустрэчу з Францішкам Багушэвічам”, у якой юнак разважае пра слыннага песняра Смаргонскага краю.
“Каб зразумець паэта, варта пабываць у паэтавым краі, – гаворыць юнак, – таму ў Год гістарычнай памяці да Дня беларускай пісьменнасці Смаргонскі РАУС, у якім працуе мой тата, для сваіх супрацоўнікаў і іх сем’яў наладзіў велапрабег у Кушляны, на малую радзіму паэта. Мне заўсёды хацелася паблукаць па кушлянскіх ваколіцах і хоць у думках адчуць сябе паплечнікам паэта. Таму з вялікім задавальненнем я прыняў прапанову таты”.
Вынікам падарожжа на малую радзіму паэта стала эсэ “На сустрэчу з Францішкам Багушэвічам”, якое было пазней даслана на конкурс. Дыплом пераможцы конкурсу эсэ “Пуцявінамі беларускага пісьменства” і каштоўны падарунак за сваю работу Данііл атрымаў з рук галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова” Наталлі Шапран. Работа Данііла, як і іншых пераможцаў конкурсу, будзе надрукавана ў часопісе “Роднае слова”.
Марыя ДЗЯТКОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 5 Смаргоні