Экскурсія міжэвіцкіх школьнікаў у Паўлаўскую этнагасцёўню

- 12:38ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Для вучняў Міжэвіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна была арганізавана цікавая экскурсія ў Паўлаўскую этнагасцёўню, дзе старэйшымі жыхарамі вёскі захоўваюцца даўнія рэцэпты выпечкі караваяў.

Для дзяцей была падрыхтавана займальная і пазнавальная анімацыйная праграма “Цуда-печка”. Гаспадыня пазнаёміла вучняў з традыцыямі выпечкі караваяў. Казачны дамавік, які з’явіўся нечакана, расказаў пра саму печ, пра адносіны нашых продкаў да яе.

Потым каравайніцы і дамавік правялі майстар-клас. Кожны госць атрымаў цеста і прылады для стварэння ўпрыгожанняў. З кружкоў цеста дзеці рабілі ружы, з палосак – шышкі і птушачак. Атрыманыя вырабы гаспадыня паставіла ў печ для выпякання.

Сюрпрызы прадоўжыліся. Дзецям прапанавалі традыцыйныя народныя забавы з дамавіком. “Бой мяхамі” дапамог вызначыць самага спрытнага, “Забі цвік” – самага дужага. Гульня “Пасадзі ў печ” патрабавала ад рабят назваць як мага больш страў, якія можна прыгатаваць у печы.

Пасля вясёлых гульняў прыемным момантам стала частаванне гарачай гарбатай і духмяным караваем. Напрыканцы сустрэчы каравайніцы ўрачыста дасталі з печы і раздалі вырабы дзецям.

Усе наведвальнікі мелі магчымасць зазірнуць у гісторыю, навучыцца рабіць упрыгожанні для караваяў, весела правесці час. А яшчэ школьнікі набылі духмяныя пачастункі сваім родным.

 

Святлана БАШКО,
настаўнік пачатковых класаў
Міжэвіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий