Дыдактычная гульня дапамагае дзецям авалодаць беларускай мовай

- 11:02ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

Для знаёмства выхаванцаў ясляў-сада № 41 Мазыра з прыгажосцю беларускай мовы актыўна выкарыстоўваецца дыдактычная гульня.

Дашкольны ўзрост з’яўляецца найбольш спрыяльным перыядам для авалодання дзецьмі беларускай мовай. Як вядома, галоўны від дзейнасці дзяцей – гульня. Яна выступае простым і зразумелым для дзіцяці сродкам спасціжэння рэчаіснасці, натуральным і даступным шляхам авалодвання тымі ці іншымі прадстаўленнямі, уменнямі, навыкамі. Для сябе выдзеліла дыдактычную гульню.

Работу правожу як у спецыяльна арганізаванай, так і ў нерэгламентаванай дзейнасці. У гульнях выкарыстоўваю цацкі і рэальныя прадметы.Частыя “госцi” у нашай групе – лялькi Арынка i Янка. Яны дапамагаюць мне на занятках, з’яўляюцца ініцыятарамi гульняў (напрыклад, “Назаві сваё імя”, “Падбяры слова”, “Падкажы слова”, гутараць з дзецьмі, вандруюць з імі і загадваюць загадкі (напрыклад, “Збіраемся на прагулку”, “Што спачатку, што потым?”, “Вясновыя пытанні”), нярэдка просяць дапамогі (у такіх гульнях як “Чым пачастуем гасцей?”, “Куды падзеліся цацкі?”, “Дадай слова ў сказ”).

Імкненне выхаванцаў гуляць з лялькамi павышае іх маўленчую актыўнасць. Разам з тым дзеці ўжываюць традыцыйныя беларускія формы імёнаў. Пры правядзенні дыдактычных гульняў на занятках і ў вольны час выкарыстоўваю сюрпрызныя моманты – прыход герояў казак, апавяданняў, выкарыстоўваю загадкi, у якіх “схавалася” тэма, запрашэнне ў падарожжа – каб зрабіць працэс навучання больш займальным, цікавым, эмацыянальным для выхаванцаў.

Найбольшую цікавасць у дзяцей маёй групы выклікаюць гульні-дыялогі, якія я арганізоўваю пасля прагулак, “віртуальных” падарожжаў. Гэты від дзейнасці найбольш блізкі да натуральных стасункаў, ён стварае асаблівую “сферу зносін” і выклікае найбольшую ўнутраную актыўнасць выхаванцаў. Кожны дзень я праводжу індывідуальную работу з дзецьмі па развіцці маўлення. Беларуская мова гучыць у чыстагаворках, скорагаворках, загадках, прыказках і прымаўках, вершах і казках.

Галоўнае – не ўпусціць час для авалодання дзецьмі беларускай мовай і своечасова паказаць выхаванцам усю прыгажосць роднай мовы.

 

Вольга ЮРЧАНКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 41 Мазыра

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий