З мэтай развіцця ў выхаванцаў цікавасці да жывой прыроды, пазнавальнай актыўнасці ў дашкольнай групе Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы Свіслацкага раёна прайшоў тыдзень “Хатнія расліны”.
Расліны – каштоўны дыдактычны матэрыял для арганізацыі вучэбнага працэсу. У пачатку тыдня дашкольнікі замацоўвалі і пашыралі ўяўленні пра расліны праз удзел у дыдактычных гульнях “Пазнай па апісанні”, “Прыдумай загадку”, “Складзі карцінку”, “Даскажы слоўца”. У сюжэтна-ролевай гульні “Зялёны мір” малышы развівалі назіральнасць, дапытлівасць, вучыліся ўменню правільна даглядаць расліну, а выхаванцы старэйшага ўзросту правялі шэраг доследаў, у ходзе якіх высветлілі, што з дапамогай лістоў расліна дыхае, карэньчыкі ўбіраюць ваду, што без святла і цяпла расліна гіне.
Сумесна было вырашана папоўніць жывы куток раслінамі агарода. Адпаведна вучэбнай праграме дзеці малодшага ўзросту садзілі цыбулю, а старэйшага – агуркі і кроп. На занятак да дзяцей прыйшлі бабуля Ганна і ўнучка Машанька. Яны разам з дзецьмі разгледзелі пасадачны матэрыял і насенне, параўналі іх з малюнкамі, успомнілі пра карысць агародніны. Потым грузавік прывёз корабы з зямлёй і праца закіпела. Пад кіраўніцтвам дарослых спачатку выхаванцы зрабілі лункі, палілі вадой з лейкі і пасеялі насенне агуркоў і кропу, а маленькія – уваткнулі ў глебу цыбуліны і прысыпалі зямлёй. Кожны дзень малыя прыбягалі да “агарода” і назіралі на колькі расліны дабавілі ў росце, старэйшыя рабілі замалёўкі ў сшытках.
Расліны вельмі добра адчуваюць сябе пад пільным наглядам маленькіх сяброў, таму радуюць тых добрым ростам і пазітыўным настроем.
Людміла АНІСЕНЯ,
выхавальнік дашкольнай групы
Корнадзьскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна