Сябры школьнага лясніцтва Ёдкаўскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у раённай пляцоўцы “Лясных спраў майстар”.
Бярозавы сок застаецца тым прадуктам, якім нас шчодра ўзнагародзіла маці-прырода. Зараз вясна, а гэта азначае, што прыйшоў яго час. Многіх дзяцей нашай школы, асабліва пасля знаёмства з паэмай Якуба Коласа “Новая зямля”, дзе дзядзька Антось спускаў сок са сваімі пляменнікамі, стаў цікавіць працэс збору гэтага карыснага напою.
І такая нагода выпала сябрам школьнага лясніцтва Ёдкаўскай сярэдняй школы. Вучні восьмага класа прынялі дзел у раённай практычнай пляцоўцы “Лясных спраў майстар”. Ідэю прапанавала Лідскае лясніцтва. Мэта акцыі – навучыць падлеткаў, як правільна праводзіць нарыхтоўку бярозавага соку. Сустрэча адбылася ў адным з лясных масіваў Лідчыны, дзе зараз праходзіць збор бярозавіка мясцовым лясніцтвам.
Пасля кароткай лекцыі пра правілы бяспечных паводзін у лесе дзеці даведаліся, што для падсочкі неабходна выбраць дрэва дыяметрам ствала не менш за 20–25 сантыметраў. Падыходзяць толькі тыя дзялянкі, якія плануецца праз пяць гадоў вырубіць. Працэс збору соку цягнецца да таго часу, пакуль на бярозах не распусцяцца пупышкі. У планах Лідскага лясніцтва нарыхтаваць больш за 850 тон соку. Большая яго частка будзе адпраўлена на пераапрацоўчыя прадпрыемствы. Асаблівасць сёлетняй кампаніі ў тым, што ў пачатку сезона ў сувязі з начнымі замаразкамі актыўнасць адтоку гэтага ляснога прадукту была нізкая, але зараз усё наладзілася.
Далей школьнікі ўключыліся ў працэс падрыхтоўкі бярозы да збору соку. Дзеці ўбачылі, як на дрэве правільна зрабіць надрэз, затым для стоку ўставіць жалабок, па якім будзе цячы бярозавік, і нарэшце прымацаваць соказборнік.
Далей вучняў цікавіла, колькі соку можна сабраць за адны суткі, як апрацаваць дрэва пасля заканчэння сезона. Аказалася, што за суткі можна сабраць прыкладна чатыры літры соку. Калі дыяметр бярозы 40 сантыметраў – ужо каля дзевяці літраў. Нельга за адзін сезон рабіць на дрэве некалькі надрэзаў. На наступны год адтуліна абавязкова робіцца ў другім месцы. Пасля збору соку ў канцы сезона неабходна паклапаціцца пра дрэва і замазаць яго фарбай або смалой хвойных дрэў.
Пасля такой карыснай сустрэчы дзеці зразумелі ўсе тонкасці нарыхтоўкі бярозавага соку, паспяшаліся расказаць пра свае адкрыцці ў школьнай газеце “Вясёлы перапынак”.
Упэўнена, што такія пляцоўкі варта і трэба праводзіць для нашага падрастаючага пакалення, каб вучыць правільна паводзіць сябе ў прыродзе і не нашкодзіць ёй.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік Ёдкаўскай сярэдняй школы
Лідскага раёна