Фестываль педагагічных знаходак “Карэкцыйны і выхаваўчы патэнцыял работы з тэкстам”

- 16:52ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Каб пазнаёміць настаўнікаў-дэфектолагаў раённага метадычнага аб’яднання пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з цікавымі педагагічнымі знаходкамі калег; пракласці дарогу педагагічнаму вынаходніцтву і рацыяналізатарству, стымуляваць развіццё ініцыятывы і творчасці педагогаў, на базе сярэдняй школы № 8 Слоніма адбыўся фестываль педагагічных знаходак на тэму “Карэкцыйны і выхаваўчы патэнцыял работы з тэкстам”.

Праграма фестывалю складалася з адкрытага карэкцыйнага занятку, майстар-класа, выставы-панарамы выкарыстання тэхналогіі візуалізацыі пры рабоце з тэкстам, прэзентацый вопыту работы настаўнікаў-дэфектолагаў. Ужо ў момант залічэння ў ПКПП адным з вядучых крытэрыяў вызначэння парушэнняў маўлення з’яўляюцца цяжкасці ў афармленні вучнямі складнага выказвання, таму прапанаваная метадычная тэма выклікае вялікую цікавасць.

Падчас адкрытага карэкцыйнага занятку “Дыферэнцыяцыя гукаў [л] і [л’] у сказах і тэксце” настаўнік-дэфектолаг восьмай школы Т.А.Містэровіч прадэманстравала магчымасці стварэння практыкаванняў для карэкцыі механізмаў кампрэсіі і разгортвання тэксту з дапамогай інструмента “ExpressPoll” праграмы “ActivInspire”. Выкарыстанне педагогам падчас карэкцыйнага занятку аўтарскага метадычнага прадукту, выкананага ў тэхніцы аплікацыйнага скрайбінгу, значна палегчыла вучням з парушэннем пісьмовага маўлення складанне пераказу тэксту.

Засваенню выкарыстання тэхналогіі візуалізацыі пры рабоце з дэфармаваным тэкстам садзейнічаў майстар-клас, праведзены настаўнікам-дэфектолагам А.А.Антонавай. Педагог арганізавала фарміраванне ўдзельнікамі фестывалю метадычнай сістэмы работы з дэфармаваным тэкстам з выкарыстаннем скетчу і таймлайна, а таксама падзялілася сваімі напрацоўкамі – тэкстамі з прапушчанымі словамі, дзе замест слоў – карцінкі.

Эфектыўны досвед сучасных педагагічных тэхналогій працы з тэкстам сабраны ў адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе. На платформе прадстаўлена, па сутнасці, анлайн-бібліятэка навучальных матэрыялаў. Паколькі ў ЕІАР няма раздзела “Спецыяльная адукацыя”, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 9 І.В.Лапко прэзентавала магчымасці апрабацыі і выкарыстання матэрыялаў па літаратурным чытанні I ступені агульнай сярэдняй адукацыі для карэкцыі розных відаў дыслексіі.

Карэкцыйная работа не можа не выхоўваць. Адна з магчымасцей выхаваўчага патэнцыялу карэкцыйнага занятку – фарміраванне маральна-этычнай лексікі ў вучняў з парушэннем маўлення. Кіраўнік РМА М.А.Смурага прадэманстравала сабраны вопыт выкарыстання інфаграфікі, воблакаў слоў, кросенсу, дыяграм Вена. Найбольш удалымі для фарміравання маральна-этычнай лексікі, на думку настаўніка-дэфектолага, з’яўляюцца наступныя лічбавыя рэсурсы: https://www.canva.com, https://wordcloud.pro.

М.А.Смурага адзначыла, што слоўніковая работа на карэкцыйных занятках не дубліруе ўрокі рускай мовы, а рыхтуе глебу для ўсвядомленага вывучэння з’яў моўнай рэчаіснасці. Яе вопыт работы дазволіў калегам пашырыць і паглыбіць прафесійныя веды, неабходныя пры арганізацыі карэкцыйнай работы ў ПКПП. Настаўнікі-дэфектолагі вырашылі скласці бібліятэку тэкстаў для фарміравання маральна-этычных выказванняў вучняў з апавяданняў, накіраваных на аўтаматызацыю гукавымаўлення ў прафесійнай інтэрнэт-супольнасці “Чыстая гаворка”.

Падчас фестывалю працавала выстава-панарама “Выкарыстанне тэхналогіі візуалізацыі пры рабоце з тэкстам”. Настаўнікамі-дэфектолагамі былі прадстаўлены артыкулы з вопыту работы, памяткі, буклеты, нейрапсіхалагічныя гульні, дыдактычныя матэрыялы да карэкцыйных заняткаў.

 

Марыя СМУРАГА,
кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання,
магістр педагагічных навук,
настаўнік-дэфектолаг
сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий