Па ініцыятыве Смаргонскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі прайшоў раённы этап фестывалю працоўных талентаў “Новыя імёны”. Выдатна выступіла на ім педагог Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы Галіна Свірская.
Удзельнікі фестывалю змаглі паказаць сябе ў розных намінацыях: “Харэаграфія”, “Арыгінальны жанр”, “Вакал”, “Інструментальны жанр”. Са сцэны прагучала шмат цікавых і змястоўных нумароў: вершаў, інсцэніровак, гумарыстычных маналогаў, аўтарскіх песень, народных і эстрадных танцаў.
Сыраваткінскі яслі-сад – базавую школу на фестывалі талентаў прадстаўляла настаўніца матэматыкі Галіна Свірская з байкай Міколы Чарняўскага “У інтэрнэце ёсць усё…” З вялікай цікавасцю і прыемнымі ўсмешкамі на тварах гледачы слухалі байку, а ў канцы доўга апладзіравалі “артыстцы”. Прыгожая беларуская мова і артыстычнае выкананне нумару не засталіся без увагі і членаў журы: Галіна Юльянаўна ўзнагароджана дыпломам за ІІ месца ў намінацыі “Арыгінальны жанр”.
Віншуем калегу з перамогай!
Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна