На базе Сялявіцкага ясляў-сада – базавай школы Слонімскага раёна адбылося раённае метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў музеяў па тэме “Музей сельскай школы: вопыт, дасягненні, перспектывы”.
Шырокія магчымасці выкарыстання музея і яго экспанатаў ва ўрочнай дзейнасці прадэманстравала настаўнік беларускай мовы і літаратуры нашай установы адукацыі А.В.Крачко.
Незвычайна і цікава, у форме музейнага ўрока, прайшоў урок беларускай літаратуры ў 7-м класе па тэме “Уладзімір Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі” (раздзел “Просім у хату, госцейкі нашы!”).
2022 год для кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь знакавы: ён аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Кожнаму беларусу неабходна ведаць, дзе яго карані, адкуль ён родам, як жылі яго дзяды і прадзеды, як і чым частавалі гасцей, якія мелі звычаі і традыцыі. Больш даведацца пра ўсё гэта вучням дапамог нарыс Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. Але адна справа – прачытаць і ўявіць, а другая – адчуць сябе сапраўднымі гаспадарамі, дакрануцца да прадметаў і рэчаў сялянскага побыту ў школьным музеі “Таямніцы мінулага”, наведаць які навучэнцы змаглі падчас музейнага ўрока.
Вучні былі не толькі пасіўнымі слухачамі, яны падрыхтавалі і правялі цікавую і змястоўную экскурсію па музейных экспазіцыях “Таямніцы ганчарства”, “І тчэ, забыўшыся, рука… цвяток радзімы васілька”. Раскрыць свае творчыя здольнасці кожнаму вучню дапамог удзел у правядзенні беларускага традыцыйнага абраду “Уваходзіны”. Вучням была прадстаўлена таксама магчымасць зазірнуць у “бабулін куфар” і знайсці там надзвычай прыгожыя рэчы, якімі карысталіся продкі: тканыя посцілкі, ручнікі, сурвэткі, абрусы, карункі. Падчас урока навучэнцы змаглі ўпэўніцца ў тым, што кожны экспанат, выраблены ўручную, валодае своеасаблівай энергетыкай мінулых часоў і повяззю пакаленняў.
Змест урока спрыяў далучэнню навучэнцаў душой і сэрцам да багатай нацыянальнай культуры беларусаў, а таксама садзейнічаў выхаванню цікавасці і павагі да гісторыі і культуры беларускага народа.
Наталля ГРЫЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце,
Аксана КРАЧКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Сялявіцкага ясляў-сада – базавай школы
Слонімскага раёна