Сустрэча клайшанскіх школьнікаў з пагранічнікамі

- 18:23ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Члены атрада “Юныя сябры пагранічнікаў” Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна сустрэліся з вайскоўцамі Лідскага пагранічнага атрада, якія правялі інфармацыйна-прапагандысцкую акцыю і выступілі з культурнай праграмай.

Перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі выступіў палкоўнік пагранічнага атрада Я.В.Горбач, які звярнуў увагу на тое, што абараняць межы Радзімы – ганаровая і важная місія. Бо пагранічнікі забяспечваюць бяспеку краіны і мірных грамадзян, клапоцяцца пра тое, каб мы маглі спакойна вучыцца, атрымліваць веды. І тэрыторыя, на якой мы пражываем, патрабуе крайняй уважлівасці пры нясенні службы, а пагранічнікі заўсёды гатовы спыніць магчымыя парушэнні мяжы, пагранічнага заканадаўства.

Юнакоў і дзяўчат, якіх прыцягвае служба на мяжы, вайсковец арыентаваў на паступленне ў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Таксама ён запрасіў школьнікаў на экскурсію ў Лідскі пагранатрад.

Старшы афіцэр аддзела Лідскага пагранічнага атрада Дзмітрый Сямашка нагадаў прысутным, што ў мінулым годзе ўступіў у законную сілу новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, які зрабіў больш жорсткім пакаранне за парушэнне заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы. За гэта прадугледжваецца штраф ад 0,5 да 100 базавых велічынь.

У рамках сустрэчы пагранічнікі паста “Забалаць” арганізавалі для школьнікаў выставу зброі і спецыяльных сродкаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Хлопчыкі ўдзельнічалі ў зборцы і разборцы аўтамата Калашнікава і пісталета Макарава, навучыліся карыстацца рацыяй, таксама задавалі пытанні, на якія атрымалі вычарпальныя адказы. Завяршылася сустрэча канцэртам аркестра Лідскага пагранічнага атрада.

На мой погляд, у ходзе акцыі дзеці даведаліся шмат цікавага пра ваенную службу на мяжы. Маса ўражанняў падштурхнула некаторых хлопцаў да думкі: “Калі я вырасту, буду пагранічнікам”. А хтосьці, пабываўшы тут, проста папоўніў запас ведаў, атрымаў станоўчыя эмоцыі і паслухаў добрую музыку.

 

Крысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий