Семінар-практыкум “Педагагічны савет, які натхняе і кіруе”

- 10:48ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна праведзены семінар-практыкум для намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце па тэме “Педагагічны савет, які натхняе і кіруе”.

Удзельнікаў творчай лабараторыі сустрэлі вучні і педагогі ўстановы, якія, успамінаючы азбуку (словы-асацыяцыі на кожную літару), паведамілі прысутным, хто такі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

Адкрыла семінар-практыкум і вызначыла праблемнае поле Ірына Барыкіна, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама. Творчая лабараторыя праведзена па двух блоках: вучэбна-метадычным і практычным.

Падчас вучэбна-метадычнага блока дырэктар установы Дзіяна Цвірко расказала ўдзельнікам семінара пра асаблівасці планавання педагагічных саветаў і патрабаванні да іх правядзення. Пазнаёміла з дакументацыяй, якая афармляецца па выніках правядзення кожнага педсавета: пратакол пасяджэння, кніга ўліку пратаколаў, картачка кантролю за выкананнем рашэнняў педагагічнага савета.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Малашэўская падзялілася вопытам работы па падрыхтоўцы і правядзенні тэматычных педагагічных саветаў. Асаблівая ўвага была звернута на тое, што існуюць чатыры этапы дзейнасці: распрацоўка, падрыхтоўка, правядзенне, паслядзеянне. Затым падзялілася вопытам работы на кожным этапе на прыкладзе тэматычнага педагагічнага савета, праведзенага ў бягучым навучальным годзе па тэме “Дзейнасць педагагічнага калектыву па стварэнні ўмоў для паспяховай самарэалізацыі навучэнцаў з рознымі адукацыйнымі магчымасцямі”.

Цікавай атрымалася прэзентацыя этапу “правядзенне педсавета”. Дзе ж, як не на педагагічным савеце, педагогі могуць дзяліцца з калегамі станоўчым вопытам работы? Увазе прысутных былі прапанаваны відэафрагменты вучэбных заняткаў, дзе настаўнікі прымянялі прыёмы і тэхналогіі развіцця пазнаваўчай актыўнасці навучэнцаў: Аксана Цераховіч – скрайбінг, Алена Яблонская – даследчы метад, Ірына Радзюк – тэхналогію праблемнага навучання, Генадзь Дрозд – прыём прадуктыўнага чытання, Алена Савіч – тэхналогію дыферэнцыраванага навучання.

Вынікі работы па тэме самаадукацыі “Інтэрактыўны плакат як сродак прадстаўлення інфармацыі” прадставіла настаўніца пачатковых класаў Вольга Марушка.

У педагагічнай дзейнасці нам даводзіцца працаваць і з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Увазе ўдзельнікаў семінара-практыкума быў прапанаваны вопыт работы настаўніка-дэфектолага Таццяны Якубоўскай па тэме “Мадэль SOS, заснаваная на калектыўным спосабе навучання”. Гэты вопыт заслугоўвае ўвагі, так як гэта аўтарская работа, якая была адзначана на раённым і абласным этапах рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

Правільна пабудаваная работа па падрыхтоўцы і правядзенні педагагічных саветаў – адна з галоўных задач адміністрацыі ўстановы. На практычным этапе семінара-практыкума Алена Малашэўская правяла з калегамі дзелавую гульню “Удасканаленне ўпраўленчай дзейнасці па падрыхтоўцы і правядзенні педагагічных саветаў”. У ходзе гульні намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце вызначалі цяжкасці ў падрыхтоўцы і правядзенні педсаветаў, указалі недахопы і ўмовы поспеху, спланавалі работу па падрыхтоўцы да тэматычных педагагічных саветаў па тэме “Практыка-арыентаваны падыход як умова паспяховага навучання” і “Міжпрадметныя сувязі як сродак павышэння якасці адукацыі”. Падчас вырашэння сітуацый, якія могуць узнікнуць на педсавеце, вызначаны правілы кантролю за ходам мерапрыемства. Выніковым этапам дзелавой гульні стала састаўленне памяткі для адміністрацыі па планаванні і правядзенні педагагічных саветаў.

Выніковая рэфлексія праведзена з прымяненнем прыёму “Воблака слоў”. Удзельнікі адзначылі крэатыўнасць праведзенага семінара, актуальнасць тэматыкі і пазітыўны настрой.

 

 Алена МАЛАШЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Уселюбскага дзіцячага сада – сярэдняй школыНавагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий