Вучні 10 “Б” класа сярэдняй школы № 16 Пінска наведалі музей Беларускага Палесся. Работнік музея разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры правялі ўрок беларускай літаратуры па тэме “Людзі на балоце”: творчая гісторыя. Тэматыка і праблематыка”.
Набыццё ведаў у музеі адбываецца на падставе канкрэтных пачуццёвых уражанняў, наглядна-вобразнага мыслення. Веды, якія школьнік атрымае ў музеі, паўстаюць перад ім у апрадмечанай форме. У залах, якія наведалі вучні, былі прадстаўлены вобразы традыцыйнай культуры Беларускага Палесся: прадметы быту, віды народнага касцюма і інш. Экспанаты прылад працы далі ўяўленні пра традыцыйныя промыслы і рамёствы палешукоў, пра змест іх працы і ўмовы, у якіх праходзіў працоўны працэс.
Падчас экскурсіі вучні адчулі дух той эпохі. Пачалася экскурсія з апісання жыцця і быту палешукоў. Іван Мележ добра ведаў жыццё, побыт, працу людзей, пра якіх пісаў. Вучням расказалі пра тое, што большая частка герояў “Людзі на балоце” не створаны мастацкай фантазіяй, а ўзяты з жыцця. Мележ спасціг сэрцам “унутраны змест” народа – яго душу, мову, патаемныя думы і няўлоўныя пачуцці, каб перадаць гэта ўсё чытачам праз многія стагоддзі. Раман “Людзі на балоце” вяртае чалавека да сябе, чалавечай сутнасці, да нацыянальных каранёў і разумення вечных каштоўнасцей.
Несумненна, такая экскурсія павысіла ўзровень адукаванасці навучэнцаў, пашырыла іх кругагляд і пазнавальны інтарэс.
Музей з’яўляецца крыніцай для павышэння эфектыўнасці вучэбнага працэсу. Уражанні, атрыманыя падчас экскурсіі, перажытыя новыя пачуцці сыграюць станоўчую ролю ў вывучэнні матэрыялу на ўроку.
Таццяна БЕРАЗЯЎКА,
класны кіраўнік 10 “Б” класа
сярэдняй школы № 16 Пінска