У рамках Года гістарычнай памяці і святкавання 77-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне вучні 6-га класа сярэдняй школы № 3 Ашмян наведалі выставу “Без тэрміну даўнасці”, прысвечаную расследаванню крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа падчас вайны.
Для поўнага разумення генацыду беларускага народа ў гады нацысцкай акупацыі на выставе былі прадстаўлены дакументы надзвычайнай Дзяржаўнай камісіі СССР, а таксама новыя звесткі па справе ад Следчага камітэту Ашмянскага раёна. Гэта і акты, і пратаколы допытаў сведак, і заключэнні экспертаў, і фотаздымкі. Цікавымі для экскурсантаў сталі экспанаты аб’ёмных прадметаў: дзверы карцара, прылады катаванняў з турмаў, снарады, выразкі з газет таго часу, пасведчанне каменданцкага часу, паштовыя лісты і запісаныя ўспаміны, рэшткі асабістых рэчаў вязняў лагераў смерці – мірных грамадзян і савецкіх ваеннапалонных.
Каштоўнай падчас экскурсіі была інфармацыя пра генацыд на роднай Ашмяншчыне. Чорнае полымя вайны і жахі акупацыйнага рэжыму не абышлі яе. Падарваных непасільнай працай на рамонце чыгуначных пуцей, галодных, прыгнечаных людзей за любую правіннасць арыштоўвалі, адпраўлялі ў карцар або вывозілі ў невядомым напрамку, называючы гэта “адпраўкай у Ліду”.
Пякучым болем адклікаюцца ў сэрцах яшчэ жывых сведак тых далёкіх трагічных падзей масавыя пахаванні на тэрыторыі Ашмянскага раёна: Углеева, Навасяды, Люгоўшчына, Ягелаўшчына, дзе былі знішчаны мірныя жыхары яўрэйскай і цыганскай нацыянальнасцей. І ўсе гэтыя злачынствы не маюць тэрміну даўнасці.
Многія шасцікласнікі, здзіўленыя убачаным і пачутым на выставе, зразумелі: яны як прадстаўнікі маладога пакалення павінны не толькі зберагчы памяць пра гераічнае мінулае нашага народа, але і працягнуць эстафету памяці.
Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
класны кіраўнік 6 “А” класа
сярэдняй школы № 3 Ашмян